Мінск 12:58

Беларускія тэнісісткі не ўключаныя ў спіс удзельнікаў Алімпіяды

Арына Сабаленка і Вікторыя Азаранка
Фота: wtatennis.com

4 ліпеня, Позірк. Міжнародная федэрацыя тэніса (ІТФ) апублікавала спісы спартсменаў, якія выступяць на Алімпійскіх гульнях у Парыжы, — прадстаўнікі Беларусі ў іх адсутнічаюць.

Беларускіх тэнісістаў няма ні ў адной катэгорыі спаборніцтваў, уключаючы парныя і змешаныя.

7 сакавіка паведамлялася, што ІТФ дапусціла да Алімпіяды тэнісістаў Беларусі і Расіі ў нейтральным статусе. На той момант “патрабаванням адбору” (па сутнасці, высокаму міжнароднаму рэйтынгу) адпавядалі дзве беларускія тэнісісткі — Арына Сабаленка (2-я ракетка свету) і Вікторыя Азаранка (30).

27 чэрвеня аналагічнае рашэнне пацвердзіў Міжнародны алімпійскі камітэт.

17 чэрвеня Сабаленка заявіла аб адмове ўдзельнічаць у Алімпіядзе, спаслаўшыся на фізічныя перагрузкі і неабходнасць аднавіць здароўе.

Экс-першая ракетка свету Азаранка такіх заяў не рабіла, але спартыўныя СМІ звярнулі ўвагу, што яна заявілася на турнір у Вашынгтоне, які пройдзе ў адзін тэрмін з алімпійскім.

2 ліпеня паведамлялася, што ўдзел у Алімпіядзе пацвердзілі 11 індывідуальных нейтральных спартсменаў з Беларусі. Гэта вынікала інфармацыі на сайце Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК).

Удзел пацвердзілі Ганна Церах (шашэйныя велагонкі), Іван Літвіновіч і Віялета Бардзілоўская (скачкі на батуце), Сюзана Валадзько і Яўген Ціханцоў (цяжкая атлетыка), а таксама Абубакар Хаслаханаў (барацьба), Яўген Залаты і Таццяна Клімовіч (веславанне), Дар’я Чупрыс і Аляксандра Пятрова (стральба) і тэнісістка Азаранка.

У спісе МАК Азаранка застаецца і цяпер. У яго таксама дададзеныя плыўцы Ілля Шымановіч, Анастасія Шкурдай і Аліна Змушко.

Алімпійскія гульні пройдуць у Парыжы 26 ліпеня — 11 жніўня.

28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку вайны ва Украіне, МАК заклікаў спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.

25 студзеня 2023 года выканкам МАК пацвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі і РФ праз вайну супраць Украіны, аднак адзначыў, што ніводнаму спартсмену нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах “толькі праз яго пашпарт”.

28 сакавіка МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям у відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Пры гэтым павінен быць выкананы шэраг умоў. Беларускія і расійскія атлеты могуць спаборнічаць “у якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў” (без выкарыстання сцяга, гімна і іншай сімволікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны “актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеянняў” і не маюць дзеючых кантрактаў з сілавымі і ваеннымі ведамствамі сваіх краін.

З аналагічнымі ўмовамі 8 снежня МАК дапусціў індывідуальных спартсменаў з Беларусі і Расіі да ўдзелу ў АГ-2024 у нейтральным статусе.

Падзяліцца:
be