Мінск 04:34

У ААН няма спецыяльнага кейса па Беларусі, які б даваў права выстаўляць прэтэнзіі — Рыжанкоў

Архіўнае фота: sb.by

5 ліпеня, Позірк. З крытыкай паведамлення ААН аб абмеркаванні на сустрэчы яе генеральнага сакратара Антоніу Гутэрыша з Аляксандрам Лукашэнкам сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі выступіў у дзяржСМІ міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў.

“Падчас сустрэч з генсекам ААН было абмеркавана шырокае кола пытанняў. Я ўжо нават бачыў, нехта там напісаў, нібыта, нас у нечым папракаў — пра правы чалавека. Насамрэч практычна ўся сустрэча была прысвечана дзейнасці ААН у Рэспубліцы Беларусь, пачатку новага цыкла ўзаемадзеяння“, — сказаў кіраўнік МЗС.

Паводле яго слоў, Гутэрыш падрабязна спыніўся на тым, што Беларусь — “вельмі надзейны партнёр у рэалізацыі ўсіх мэт і задач, якія ставіць перад сабой ААН, высока ацаніў тое, як у Беларусі рэалізоўваюцца Мэты ўстойлівага развіцця”.

У рэалізацыі ЦУР у кіраўніцтва арганізацыі “прэтэнзій да Беларусі няма ніякіх”, заявіў міністр.

“Ніякага спецыяльнага кейса па Беларусі ў ААН няма, які б сёння даваў права Гутэрышу гаварыць нешта, [прад’яўляць] прэтэнзіі”, — сказаў ён.

Аб тым, што Гутэрыш выказаў занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі на сустрэчы з Лукашэнкам 4 ліпеня ў Астане (Казахстан), паведаміла ААН па выніках сустрэчы.

Генсакратар, у прыватнасці, выказаў пажаданне, каб амністыя, у выніку якой было вызвалена некалькі палітвязняў, стала “крокам да поўнай павагі правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі”.

2 ліпеня Аляксандр Лукашэнка анансаваў вызваленне цяжкахворых апанентаў улады. У той жа дзень ён падпісаў закон аб амністыі з нагоды 80-годдзя вызвалення Беларусі, які аднак, паводле зместу, не распаўсюджваецца на асобаў з “экстрэмісцкіх спісаў”. Праваабаронцы, паводле звестак на 4 ліпеня, пацвердзілі вызваленне дзевяці палітвязняў. Адзінае вядомае імя — анкахворы палітык Рыгор Кастусёў.

У новай справаздачы спецыяльнага дакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, апублікаванай у чэрвені, гаворыцца, што сітуацыя ў галіне правоў чалавека ў Беларусі працягвае пагаршацца, палітычныя рэпрэсіі накіраваныя супраць грамадзян не толькі ўнутры краіны, але і за яе межамі.

У лютым Камітэт ААН па правах чалавека (КПЧ) запатрабаваў ад беларускіх уладаў прыняць “тэрміновыя меры абароны” ў дачыненні да палітвязняў Сяргея Ціханоўскага, Максіма Знака і Віктара Бабарыкі, якія “ўтрымліваюцца без сувязі са знешнім светам”. Камітэт таксама запатрабаваў “забяспечыць фізічнае і псіхічнае здароўе” Ціханоўскага, даць яму доступ да кваліфікаванай медыцынскай дапамогі, адвакатаў і сям’і, пакуль справа знаходзіцца на разглядзе КПЧ.

Падзяліцца: