Мінск 04:38

Палітзняволеная Шарэнда-Панасюк накіравана на чарговую псіхіятрычную экспертызу

Плакат, прысвечаны Паліне Шарэнда-Панасюк, у Беларускім доме ў Варшаве.
Фота: "Позірк"

5 ліпеня, Позірк. Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк накіравана на чарговую псіхіятрычную экспертызу ў РНПЦ псіхічнага здароўя ў Мінску з СІЗА №3 Гомеля, паведаміў яе муж Андрэй Шарэнда ў “Фэйсбуку”.

Гэта ўжо чацвёртая такая экспертыза з моманту затрымання актывісткі.

“Чарговы страшны этап для Паліны, які можа зацягнуцца на два-тры тыдні. А пазней той жа пякельны этап у адваротны бок. Няма слоў. Гэта проста катаванні і здзекі з жанчыны. Гэта чарговы “акт гуманізму” шалёнага дыктатара”, — напісаў Шарэнда.

21 траўня стала вядома, што на Шарэнда-Панасюк завялі трэцюю крымінальную справу.

Паведамлялася, што яе зноў абвінавацілі паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі).

Раней праваабаронцы паведамлялі, што планаваны тэрмін вызвалення Шарэнда-Панасюк — 21 траўня.

Паводле даных праваабарончай ініцыятывы Dissidentby, 2 траўня суд Рэчыцкага раёна (Гомельская вобласць) устанавіў за палітвязня прэвентыўны нагляд. Гэтая мера прадугледжвае назіранне органаў унутраных спраў за тым, як вызваленая з месцаў пазбаўлення волі асоба выконвае часовыя абмежаванні і выконвае ўскладзеныя на яго абавязкі.

22 сакавіка стала вядома, што жанчына звярнулася з прашэннем аб памілаванні да Аляксандра Лукашэнкі. Аб гэтым яна паведаміла ў інтэрв’ю дзяржтэлеканалу “Беларусь 1”.

У чэрвені 2021 года суд Маскоўскага раёна Брэста прыгаварыў Шарэнда-Панасюк да двух гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 368 (абраза прэзідэнта) КК.

У красавіку 2022 года палітвязня прысудзілі яшчэ да аднаго года зняволення паводле ч. 1 арт. 411 КК, у кастрычніку 2023-га — яшчэ да аднаго года паводле таго ж артыкула.

21 сакавіка Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын заклікаў Беларусь прыняць тэрміновыя меры для абароны Шарэнда-Панасюк. Гэта першы такі выпадак па справах супраць Беларусі.

Раней муж, які знаходзіцца з дзецьмі ў эміграцыі, паведамляў, што Шарэнда-Панасюк “мінімум 32 разы змяшчалася ў нечалавечыя ўмовы” штрафнога ізалятара і карцэра, а яшчэ “каля 150 дзён” правяла ў памяшканні камернага тыпу.

Падзяліцца: