Мінск 20:55

Упаўнаважаны ВР Украіны па правах чалавека: З’явіўся хоць нейкі канал камунікацыі з Беларуссю

Дзмітрый Лубінец
Скрыншот: сюжэт тэлеканала "FREEДОМ"

10 ліпеня, Позірк. Вызваленне пяці ўкраінцаў напрыканцы чэрвеня — першы выпадак, калі ў Кіева “атрымалася вярнуць грамадзян з тэрыторыі Беларусі”, заявіў на прэс-канферэнцыі 9 ліпеня ўпаўнаважаны Вярхоўнай Рады па правах чалавека Дзмітрый Лубінец.

“Тры нашы гераіні і двое мужчын, сярод якіх абвінавачаны ў падрыве самалёта А-50 на тэрыторыі Беларусі. І ў нас нам атрымалася яго вярнуць, — цытуе яго інфармагенцтва “Укрінфарм”. — Дэталі я не магу раскрываць, але магу публічна сказаць, што хаця б нейкі канал камунікацыі ў мяне з беларускім бокам з’явіўся”.

Лубінец звярнуў увагу на розніцу ў абыходжанні з украінскімі грамадзянам, якія знаходзіліся ў няволі, у Беларусі і Расіі.

“Мы вярнулі і там, і там цывільных. І там, і там мы размаўлялі. Мы ўбачылі нават фізічны стан. То бок грамадзяне Украіны з тэрыторыі Беларусі не казалі пра ўжыванне нейкіх катаванняў, збіццё… Так, мы лічым, юрыдычна трактуем, што іх незаконна асудзілі, але катаванняў не было. Былі больш-менш нармальныя ўмовы ўтрымання, было нармальнае харчаванне, гэта нават па знешнім выглядзе было бачна”, — сказаў Лубінец.

На ІІІ Канферэнцыі беларусаў свету 23 сакавіка ў Празе амбасадар Украіны па асобых даручэннях па Беларусі, былы кіраўнік дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Мінску Ігар Кізім заявіў, што афіцыйных кантактаў паміж Мінскам і Кіевам не было з пачатку вясны 2022 года.

Увечары 28 чэрвеня Уладзімір Зяленскі і кіраўнік яго офіса Андрэй Ярмак паведамілі, што Украіне “ўдалося вызваліць з расійскага палону яшчэ 10 чалавек”. У ліку вызваленых і перададзеных Кіеву згадваліся “пяць грамадзянскіх, якія былі захопленыя ў Беларусі і пазбаўленыя волі”.

Гаворка ішла пра затрыманага на падставе падазрэння ў здзяйсненні дыверсіі на аэрадроме Мачулішчы (Мінская вобласць) Мікалае Швецы, а таксама пра асуджаных паводле арт. 3581 КК (агентурная дзейнасць) Паўла Купрыенку (7 гадоў зняволення) і Людмілу Ганчарэнка (тэрмін невядомы), паводле арт. 358 (шпіянаж) — Наталлю Захаранка (9 гадоў), паводле арт. 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) — Кацярыну Бруханаву.

Беларуская праваабарончая супольнасць раней прызнала Купрыенку, Захаранка і Бруханаву палітвязнямі. Швец і Ганчарэнка адпаведнага статусу не мелі, але ўзгадваліся ў кантэксце спраў палітычна матываванага характару.

Дыверсія ў Мачулішчах праведзена 26 лютага 2023 года. Тады ў выніку атакі беспілотнікаў быў выведзены са строю расійскі вайсковы самалёт А-50.

Першапачаткова адказнасць за яе ўзяло дзейнае за мяжой аб’яднанне былых беларускіх сілавікоў ByPol — у рамках плана “Перамога”.

У ліпені 2023 года тагачасны прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік арганізацыі Аляксандр Азараў заявіў, што гэта была сумесная аперацыя ByPol і Службы бяспекі Украіны.

Кіраўнік СБУ Васіль Малюк публічна прызнаў датычнасць ведамства да дыверсіі 25 сакавіка 2024 года.

Падзяліцца: