Мінск 10:16

Ціханоўская ў гадавіну смерці Алеся Пушкіна: Яго карціны — сімвал барацьбы народа за свабоду

Алесь Пушкин в своей мастерской. 17 июня 2020 годаФото: svaboda.org
Алесь Пушкін у сваёй майстэрні (17 чэрвеня 2020 года)
Архіўнае фота: "Радыё Свабода"

11 ліпеня, Позірк. Мастака, рэстаўратара, выбітнага беларуса Алеся Пушкіна будуць заўсёды памятаць “не толькі за творчасць, але і за нязломны характар”, адзначыла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў гадавіну смерці палітвязня.

“Праз прызму ўнутранай свабоды Алесь знаходзіў зразумелыя спосабы для кожнага і кожнай адлюстраваць праблемы беларусаў: ён падсвечваў тое, пра што многія думалі, але баяліся казаць услых”, — падкрэсліла яна ў сваім тэлеграм-канале. Палітык дадала, што скон Пушкіна стаўся “велізарнай стратай для беларускай культуры”.

“Мастацтва і свабоду нельга падпарадкаваць, але рэжым спрабаваў гэта зрабіць, — заявіла Ціханоўская. — Алеся кінулі за краты, прысудзілі 5 гадоў калоніі строгага рэжыму і закатавалі да смерці ў зняволенні. Улады знішчылі таленавітага беларуса, бо не прымаюць іншадумства і не разумеюць, што свабоду немагчыма забіць, калі яна жыве ўнутры чалавека”.

“Памяць пра Алеся Пушкіна будзе жыць, бо яго карціны, напоўненыя беларускім духам, ужо зараз успрымаюцца як сімвал барацьбы нашага народа за свабоду. Лепшае, што мы можам зрабіць — не забываць, якой цаной з’яўляюцца гэтыя сімвалы, і працягваць справу Алеся”, — лічыць дэмлідар.

Палітык нагадала, што 11 ліпеня ў вільнюскай прасторы “Кропка” пройдзе вечар памяці мастака і адкрыецца выстава яго твораў, якая будзе працаваць да канца месяца.

57-гадовы палітвязень Алесь Пушкін памёр 11 ліпеня 2023 года ў бальніцы, куды яго занадта позна прывезлі з гродзенскай турмы № 1. У мужчыны была прабадная язва страўніка, развіўся перытаніт, паліорганная недастатковасць.

Пушкін браў актыўны ўдзел у руху нацыянальнага адраджэння, рэстаўраваў гістарычныя будынкі і распісваў цэрквы, шмат разоў затрымліваўся з палітычных матываў.

У ліпені 1999 года, на пяцігоддзе праўлення Аляксандра Лукашэнкі, мастак правёў перфоманс каля Адміністрацыі прэзідэнта. Ён прывёз да будынку тачку, поўную гною, перакуліў яе на маставую, зверху паклаў партрэт Лукашэнкі і праткнуў яго віламі.

30 сакавіка 2021 года Пушкіна затрымалі пасля вяртання з Кіева. Гэтаму папярэднічала ўзбуджэнне пракуратурай Гродна крымінальнай справы паводле арт. 130 КК (распальванне варожасці) — за “здзяйсненне наўмысных дзеянняў, скіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму”. Мастака таксама абвінавацілі паводле арт. 370 (знявага дзяржаўных сімвалаў).

Падставай для крымінальнай справы стаў партрэт дзеяча антысавецкага руху Яўгена Жыхара аўтарства Пушкіна, які экспанаваўся на выставе ў Гродне. У пракуратуры заявілі, што мастак характарызаваў Жыхара як “чалавека з беларускага супраціву, змагара з бальшавікамі, чым услаўляў і ўхваляў яго дзеянні”.

30 сакавіка 2022 года Мінскі гарадскі суд (суддзя Алена Шылько) прыгаварыў Пушкіна да 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Працэс быў закрытым.

На адным з пасяджэнняў палітвязень парэзаў сабе жывот на знак пратэсту супраць таго, што адбываецца ў судзе, за гэта яго змясцілі ў карцар.

У лістападзе 2022 года яму пастрожылі рэжым і перавялі з івацэвіцкай калоніі “Ваўчыныя норы” ў гродзенскую турму № 1.

Падзяліцца: