Мінск 01:02

Спікерам КР абраная Анжаліка Мельнікава, віцэ-спікерам — Станіслава Гліннік

Калаж: КР

11 ліпеня, Позірк. Прадстаўніца спісу “Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду” Анжаліка Мельнікава абраная спікерам Каардынацыйнай рады (КР), віцэ-спікерам стала прадстаўніца спісу “Еўрапейскі выбар” Станіслава Гліннік, паведаміў у сваім тэлеграм-канале намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка.

Пазней інфармацыю пацвердзіла прэс-служба КР.

Мельнікава і Гліннік былі адзінымі прэтэндэнтамі на названыя пасады, выбары праводзіліся на безальтэрнатыўнай аснове.

З чэрвеня 2022 года Мельнікава з’яўляецца каардынатарам праектаў НАУ.

Выступаючы 10 ліпеня перад сябрамі КР, яна назвала асноўнымі напрамкамі сваёй дзейнасці ў выпадку абрання “працу ў інтарэсах беларусаў і вырашэнне канкрэтных праблем людзей”, пашырэнне паўнамоцтваў КР і яе ўзаемадзеяння з АПК, узняцце ўзроўню і прэстыжу рады, структурызацыю і якаснае асвятленне яе працы.

Гліннік, унучка былога старшыні Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча (цяпер нябожчык), з’яўляецца асабістай памочніцай кіраўніцы АПК Святланы Ціханоўскай.

Галасаванне па кандыдатурах Мельнікавай і Гліннік праходзіла на працягу 24 гадзін у спецыяльным тэлеграм-канале КР.

Напярэдадні абмеркавання кандыдатаў, якое праходзіла 10 ліпеня, “Блок Пракоп’ева — Ягорава” заявіў аб адмове вылучаць сваіх кандыдатаў на пасады спікера і віцэ-спікера, адзначыўшы, што “дзеянні фракцыі Паўла Латушкі вядуць да ліквідацыі незалежнасці Каардынацыйнай рады і яе падпарадкавання офісу Святланы Ціханоўскай і Аб’яднанаму пераходнаму кабінету пад яе кіраўніцтвам”.

На выбарах у КР трэцяга складу, якія прайшлі 25–27 траўня, прагаласавала 6.723 чалавекі. Спіс “Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду” паказаў найлепшы вынік сярод 11 кааліцый — 2.358 галасоў (28 мандатаў). “Еўрапейскі выбар” мае 8 мандатаў (трэцяе месца, падзеленае з “Незалежнымі беларусамі”). Усяго ў склад КР было абрана 80 чалавек.

Спікерам КР другога склікання быў палітолаг Андрэй Ягораў. Яго блок, створаны з былым рэстаратарам Вадзімам Пракоп’евым, стаў на выбарах другім (13 мандатаў).

Падзяліцца: