Мінск 10:23

У Старадарожскім раёне мікрааўтобус сутыкнуўся з грузавіком — трое загінулых

Фота: прэс-служба МУС

14 кастрычніка, Позірк. Смяротная аўтамабільная аварыя здарылася каля 7 гадзін раніцы 14 кастрычніка ў Старадарожскім раёне (Мінская вобласць), паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Згодна з папярэдняй інфармацыяй ведамства, ля вёскі Новыя Дарогі, на 291-м кіламетры трасы Р-43 (мяжа РФ — Крычаў — Бабруйск — Івацэвічы), 21-гадовы кіроўца мікрааўтобуса “Мэрсэдэс” выехаў на сустрэчную паласу і лоб у лоб сутыкнуўся з грузавіком той жа маркі, якім кіраваў 54-гадовы мужчына.

Абодва кіроўцы і жанчына-пасажыр (не ўдакладняецца, у якім аўтамабілі знаходзілася; асоба высвятляецца) загінулі.

На месцы аварыі працуюць супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі, МНС, а таксама следча-аператыўная група. Туды ж накіраваўся начальнік галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Віктар Ротчанкаў.

Напярэдадні ўдзень падобная сітуацыя здарылася ў Жыткавіцкім раёне (Гомельская вобласць). На 306-м кіламетры дарогі М-10 (мяжа РФ — Гомель — Кобрын) 27-гадовы кіроўца грузавіка “Івека”, здзяйсняючы абгон, выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з маршрутным таксі, якое ехала з Мінска ў Петрыкаў.

У салоне мікрааўтобуса было 13 чалавек. Паводле інфармацыі МУС, для абследавання ў бальніцу былі дастаўленыя 10 чалавек, сярод якіх трое дзяцей. Следчы камітэт пазней напісаў, што ў медыцынскія ўстановы для абследавання і аказання дапамогі дастаўленыя два кіроўцы і пасажыры маршруткі.

Падзяліцца: