Мінск 04:10

Ціханоўская заклікала Кангрэс ЗША “як мага хутчэй” прыняць новую рэдакцыю Акту аб дэмакратыі ў Беларусі

Крыніца: pixabay.com

12 ліпеня, Позірк. “Як мага хутчэй” прыняць новую рэдакцыю Акту аб дэмакратыі ў Беларусі заклікала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская кіраўніка дэмакратычнай меншасці ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Хакіма Джэфрыса.

Пра сустрэчу палітыкаў, якая адбылася ў Вашынгтоне 11 ліпеня, паведаміў Позірку галоўны дарадца дэмлідара Франак Вячорка.

Паводле яго слоў, Ціханоўская таксама заклікала Кангрэс павялічыць падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ, рэпрэсаваных, а таксама “культурных праектаў і ініцыятыў”.

Дэмакратычны лідар падзякавала Джэфрысу за салідарнасьць і падтрымку беларускага народу, за кампаніі салідарнасьці з палітычнымі вязьнямі, “распавяла пра апошнія прысуды па палітычных справах і рэпрэсіі супраць беларусаў за мяжой”, сказаў Вячорка.

На сустрэчы таксама абмяркоўвалася супрацоўніцтва дэмсіл з тэхналагічнымі кампаніямі, такімі як Meta і Google, у барацьбе з дэзінфармацыяй і падтрымка імі беларускіх незалежных СМІ.

Гаворачы пра прэзідэнцкія выбары 2025 года ў Беларусі, Ціханоўская падкрэсліла, што “іх нельга назваць сапраўднымі выбарамі, паколькі яны не будуць ні свабоднымі, ні дэмакратычнымі”.

Таксама, дадаў дарадца, бакі абмеркавалі “праблематыку абыходу санкцый беларускім рэжымам і яго прыцягненне да адказнасці”.

Упершыню ЗША ўхвалілі Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі ў 2004 годзе, у 2006-м, 2011-м і 2020-м у дакумент уносілі змены. Такім чынам, цяперашняя рэдакцыя будзе пятай. Чакаецца, што праект дакумента, які быў апублікаваны на сайце Кангрэса 7 чэрвеня, будзе зацверджаны да канца бягучага года.

Падзяліцца: