Мінск 03:50

Кангрэс ЗША апублікаваў праект абноўленага Акту аб дэмакратыі ў Беларусі

Крыніца: unsplash.com

7 чэрвеня, Позірк. Праект абноўленага Акту аб дэмакратыі ў Беларусі апублікаваны 7 чэрвеня на сайце Кангрэсу ЗША.

У дакуменце, які будзе разгледжаны ў абедзвюх палатах амерыканскага парламента, утрымліваецца шэраг палажэнняў аб сітуацыі ў Беларусі і дадзена ацэнка падзей у краіне да і пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Сярод іншага ў праекце акта адзначаецца, што ўрад Беларусі працягвае: практыкаваць грубыя парушэнні правоў чалавека; падвяргаць тысячы актывістаў пераследам, збіццю і турэмнаму зняволенню; падаўляць незалежныя СМІ і журналістаў, уключаючы сацыяльныя сеткі; сістэматычную кампанію пераследу, рэпрэсій і закрыцця няўрадавых арганізацый, уключаючы незалежныя прафсаюзы і прадпрымальнікаў; абмяжоўваць незалежнасць Беларусі шляхам інтэграцыі ў так званую Саюзную дзяржаву, якая знаходзіцца пад кантролем Расіі.

Таксама ўлады ў Мінску праводзяць “палітыку, якая падрывае суверэнітэт і незалежнасць краіны, ставячы палітычныя, эканамічныя, культурныя і грамадскія інтарэсы Беларусі ў залежнасць ад інтарэсаў Расіі”, гаворыцца ў дакуменце.

У ацэнцы выбарчай кампаніі 2020 года звяртаецца ўвага на масавы пераслед апанентаў улады яшчэ перад галасаваннем 9 жніўня.

Заяўляецца, што выбары прайшлі “ў недэмакратычных умовах, не адпавядалі міжнародным стандартам, суправаджаліся службовымі злачынствамі ўрада і сур’ёзнымі парушэннямі пры падліку бюлетэняў і апублікаванні вынікаў выбараў”. Акрамя гэтага, былі выкарыстаныя “абмежавальныя меры, якія перашкаджалі працы” незалежных назіральнікаў.

“Нелегітымны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка абвясціў аб сваёй пераканаўчай перамозе на выбарах і заявіў, што атрымаў больш за 80% галасоў, — адзначаецца ў дакуменце. — Вядучы кандыдат ад апазіцыі Святлана Ціханоўская афіцыйна аспрэчыла абвешчаныя вынікі і была затрыманая дзяржаўнымі органамі, пасля чаго была вымушаная адправіцца ў выгнанне ў Літву”.

Паслявыбарчыя акцыі пратэсту названыя ў дакуменце “найбуйнейшымі ў сучаснай гісторыі Беларусі”, падчас маніфестацый “больш за 1.400 чалавек <…> былі параненыя беларускай паліцыяй”, “больш за 37 тыс. затрыманыя да траўня 2021 года”, а “некалькі чалавек — забітыя”.

“Пасля таго як супрацоўнікі дзяржаўных СМІ звольніліся з працы на знак пратэсту, <…> Лукашэнка пацвердзіў, што ён” папрасіў рускіх” даслаць каманды расійскіх журналістаў для замены мясцовых супрацоўнікаў”, — падкрэсліваецца ў праекце акта.

У тэксце згадваецца, што дэмакратычны краіны не прызналі вынікі выбараў і “не могуць разглядаць спадара Лукашэнку ў якасці законна абранага лідара Беларусі”.

“У адказ на рэпрэсіі ўрада Беларусі пасля выбараў 2020 года Злучаныя Штаты Амерыкі разам з Еўрапейскім саюзам увялі розныя пакеты санкцый у дачыненні да фізічных і юрыдычных асоб, якія маюць дачыненне да падаўлення дэмакратыі ў Беларусі”, — канстатуюць аўтары дакумента.

Таксама ў праекце згаданыя прымусовая пасадка ў Мінску 23 траўня 2021 года самалёта Ryanair з на той момант апазіцыйным блогерам Раманам Пратасевічам, міграцыйны крызіс, які выкарыстоўваецца рэжымам Лукашэнкі “ў якасці зброі” супраць краін ЕС, больш за 1.400 палітвязняў “паводле стану на красавік 2024 года”, і дачыненне беларускіх уладаў да “незаконнага і поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну”.

Акт аб дэмакратыі быў прыняты ў 2004 годзе і абнаўляўся ў 2006, 2011, 2020 гадах. Ён стаў дэманстрацыяй паслядоўнай падтрымкі з боку ЗША незалежнай, суверэннай, дэмакратычнай Беларусі.

Дакумент пашырае магчымасці ЗША для санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі, дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасці і незалежным СМІ, жанчынам, якія “выступаюць за свабоду і правы чалавека”, палітычным уцекачам, якія ратуюцца ад рэпрэсій у Беларусі, не прызнае легітымнасць Лукашэнкі і прадугледжвае каардынацыю палітыкі ЗША ў дачыненні да Беларусі з іншымі краінамі.

16 траўня Аб’яднаны пераходны кабінет (АПК) паведаміў, што Акт аб дэмакратыі ў Беларусі ўнесены на разгляд у Кангрэс ЗША і павінен быць прыняты да канца 2024 года.

Адзначалася, што гэта “новая версія” дакумента, якая “ставіць мэтай у чацвёрты раз аднавіць дзеянне акту ад 2004 года з улікам злачыннага ўдзелу рэжыму Беларусі ў несправакаваным ўварванні Пуціна ва Украіну, гандлі ўкраінскімі дзецьмі і адкрыцці беларускай тэрыторыі для расійскіх ваенных аперацый”.

“Адна з практычных мэтаў [дакумента] — пашырыць спіс [прадстаўнікоў] беларускіх уладаў, у дачыненні да якіх могуць быць уведзеныя санкцыі ЗША, за межы вышэйшага кіраўніцтва краіны і службаў бяспекі, уключыўшы ў яго асоб, непасрэдна адказных за выкраданне ўкраінскіх дзяцей, супрацоўніцтва з Расіяй у несправакаваным уварванні ва Украіну і расійскую мілітарызацыю беларускай тэрыторыі”, — гаворыцца ў паведамленні АПК.

Сааўтарамі дакумента, як паведамлялася, з’яўляюцца члены кокуса па Беларусі Біл Кіцінг, Марсі Каптур, Джо Уілсан, а таксама старшыня падкамітэта па Еўропе Том Кейн.

Падзяліцца: