Мінск 12:34

БРЦ выявіў у беларускіх бізнесменаў нерухомасць у Дубаі на мільёны долараў

Дубай, ААЭ
Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

5 кастрычніка, Позірк. Пра выяўленне нерухомасці ў Дубаі, якая належыць беларускім бізнесменам Уладзіміру Ляшчуку і Андрэю Карповічу, а таксама звязаная з атачэннем былога кіраўніка спраў Аляксандра Лукашэнкі Віктара Шэймана, паведаміў 5 кастрычніка Беларускі расследавальніцкі цэнтр (БРЦ).

Паводле даных журналістаў, Ляшчук у кастрычніку 2022 года купіў кватэру плошчай 48 квадратных метраў коштам каля 400 тыс. долараў у прэстыжным раёне Dubai Marina. Бізнесмен з’яўляецца ўладальнікам кантрольнай долі зарэгістраванай у Польшчы кампаніі Steeltrade.

Паведамляецца, што бізнес-партнёр Ляшчука Андрэй Карповіч у тым жа годзе разам з жонкай набыў у Дубаі тры аб’екты нерухомасці агульным коштам каля 2 млн долараў. У прыватнасці, ён купіў кватэру плошчай 117,5 кв. м (прыкладна 820 тыс. долараў) і аб’ект плошчай каля 220 кв. м (прыкладна 700 тыс. долараў). Яго жонка Наталля набыла кватэру плошчай амаль 73 кв. м (каля 482 тыс. долараў).

Паводле інфармацыі БРЦ, у кастрычніку 2025 года Ляшчука, Карповіча і іх кампаніі ўнеслі ў нацыянальны санкцыйны спіс Польшчы. Улады краіны расцанілі іх дзейнасць як ускосную падтрымку расійскага ваеннага патэнцыялу. Сярод тавараў, якія прадавалі Steeltrade і OMNI GRP, польская падатковая адміністрацыя вылучыла высокатэхналагічную інструментальную сталь прэміум-класа, разлічаную на працу пры высокіх тэмпературах і нагрузках. Такі матэрыял запатрабаваны сярод іншага ў абароннай прамысловасці.

Яшчэ адзін аб’ект, выяўлены БРЦ, належыць грамадзянцы Украіны Ірыне Бабыр. Яна набыла камерцыйнае памяшканне плошчай больш за 140 кв. м (каля 1 млн долараў).

Бабыр валодае кіпрскай кампаніяй Rostumel Holding Limited, якая, паводле даных журналістаў, неаднаразова фігуравала ў расследаваннях пра бізнес-схемы людзей з атачэння Шэймана. У прыватнасці, фінансавым дырэктарам Rostumel у 2024 годзе быў Андрэй Свірыдаў, які ў 2019–2021 гадах працаваў намеснікам Шэймана ва Упраўленні справамі прэзідэнта.

Акрамя таго, у 2023 годзе ў сына Бабыр, украінскага бізнесмена Віталія Бабыра, прайшлі вобшукі па справе аб незаконным экспарце аўтамабіляў з Украіны ў Расію. БРЦ раней паведамляў, што напрыканцы 2024 года Rostumel адпраўляла нямецкія аўтамабілі з Нідэрландаў праз Санкт-Пецярбург.

Паводле звестак расследавальнікаў, сувязь бізнесу Ірыны Бабыр з беларускімі ўладамі прасочваецца прынамсі з 2011 года. Тады яе кампанія стала сузаснавальнікам “Белферумгрупп”. Праз паўтара месяца пасля рэгістрацыі Лукашэнка сваім указам надаў гэтай кампаніі выключнае сярод прыватных кампаній права займацца закупкай лому і адкідаў чорных і каляровых металаў у Беларусі.

Паведамляецца, што БРЦ вызначыў уладальнікаў нерухомасці дзякуючы ўцечцы даных з закрытага рэестра нерухомасці Дубая і пасля пераправерыў звесткі ў зямельным дэпартаменце эмірата. Аўтары расследавання адзначаюць, што вызначыць уласнікаў нерухомасці ў Дубаі паводле адкрытых даных складана.

Заяўлена, што расследавальнікі спрабавалі атрымаць каментарыі згаданых уладальнікаў нерухомасці, аднак Андрэй Карповіч і Уладзімір Ляшчук “завяршылі размову, пачуўшы тэму званка”. Датэлефанавацца да Наталлі Карповіч і Ірыны Бабыр у іх не атрымалася.

Падзяліцца: