МЗКЦ працягвае супрацоўнічаць з расійскім ВПК — BelPol

5 кастрычніка, Позірк. Мінскі завод колавых цягачоў (МЗКЦ) працягвае супрацоўнічаць з прадпрыемствамі расійскага вайскова-прамысловага комплексу, вынікае з паведамлення, якое 5 кастрычніка апублікавала ініцыятыва BelPol.
Такая выснова зробленая на падставе атрыманых арганізацыяй дакументаў, якія сведчаць пра заключэнне кантракта паміж беларускім прадпрыемствам і маскоўскім АТ “Оборонительные системы” на “пастаўку 20 шасі МЗКТ-8021-021, а таксама па пяць шасі МЗКТ-8022-021 і МЗКТ-80211-021”.
“Кантракт заключаны на фоне маштабных міжнародных санкцый у дачыненні да МЗКЦ. Прадпрыемства знаходзіцца пад абмежаваннямі ЕС, Украіны, ЗША, Канады, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Аўстраліі і Новай Зеландыі, уведзенымі ў сувязі з падтрымкай расійскай агрэсіі супраць Украіны і ўдзелам у ракетных праграмах іншых дзяржаў”, — звяртае ўвагу ініцыятыва.
Паводле інфармацыі BelPol, прызначэнне замоўленай тэхнікі мае “асаблівае значэнне”. Лінейка спецыялізаваных корпусных шасі МЗКТ-8021/8022 “стваралася для размяшчэння элементаў зенітна-ракетнага комплексу “Печора-2М”. “Пасля гэтыя шасі таксама выкарыстоўваліся для сістэм супрацьпаветранай абароны і радыёлакацыйных станцый. Гаворка, такім чынам, ідзе пра платформы, без сумневу прызначаныя для размяшчэння вайсковага абсталявання”, — падкрэсліла арганізацыя.
На думку BelPol, дакументы сведчаць пра тое, што РФ “разглядае магчымасць далейшага выкарыстання комплексаў “Печора-2М” або іншых сумяшчальных сістэм”. “На фоне дэфіцыту сродкаў СПА вяртанне да комплексаў савецкага паходжання можа мець практычны сэнс: наяўнасць запасаў адпаведных боепрыпасаў здольная зрабіць іх мадэрнізацыю і эксплуатацыю прывабнымі”, — адзначае ініцыятыва.
Тэрмін выканання дагавора — да 2029 года — сведчыць пра “доўгатэрміновы характар замовы”: “Гэта не разавая закупка, а планамернае забеспячэнне расійскага заказчыка спецыялізаванымі платформамі”.
“За пералікам мадэляў і колькасцю адзінак стаіць цалкам канкрэтная роля беларускага прадпрыемства: пастаўка тэхнікі, на якой могуць размяшчацца сістэмы СПА і радыёлакацыйныя сродкі. І гэтая роля, мяркуючы па тэрмінах дагавора, разлічаная яшчэ на некалькі гадоў. Гэта паказвае на тое, што спыняць вайну агрэсар не плануе”, — падсумавала арганізацыя.
Прадстаўнік BelPol Уладзімір Жыгар 22 траўня на III Кангрэсе па палітвязнях у Беларусі заявіў, што “Еўрапейскі саюз перастаў уводзіць санкцыйныя пакеты выключна па Беларусі”.
“Пры гэтым беларуская прамысловасць усё больш і больш уцягваецца ў вайну, — канстатаваў ён. — Мы часам не паспяваем хутка рэагаваць. Год таму быў уведзены пакет — там быў МЗКЦ. І толькі праз год быў уведзены санкцыйны пакет, санкцыйны кейс у дачыненні да “ВОЛАТ-САНЦЗЯН” — кампаніі, што пастаўляе каробкі перадач для шасі МЗКЦ, якія рамантуюцца на акупаваных тэрыторыях, з якіх страляюць па ўкраінскіх гарадах”.
МЗКЦ фігуруе ў 17-м пакеце санкцый супраць Расіі ў сувязі з агрэсіяй ва Украіне, які Савет ЕС зацвердзіў 20 траўня 2025 года. У абгрунтаванні гаварылася, што “беларускае вайскова-прамысловае прадпрыемства распрацоўвае ваенную тэхніку для Узброеных сіл РФ і падтрымлівае абараназдольнасць Расіі”.
“Толькі ў 2024 годзе агульны аб’ём экспарту прадпрыемства склаў 306 вагонаў вайсковай тэхнікі, у асноўным пастаўленых расійскім прадпрыемствам, якія ўваходзяць у вайскова-прамысловы комплекс Расійскай Федэрацыі. У 2025 годзе прадпрыемства працягнула экспарт вайсковай тэхнікі ў Расійскую Федэрацыю”, — адзначалася ў дакуменце.
МЗКЦ спецыялізуецца на вытворчасці вялікагрузных колавых транспартных сродкаў высокай праходнасці. Прадпрыемства ўжо знаходзіцца пад санкцыямі ЕС са снежня 2020 года, прынятымі за парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.
- Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- АнонсыАнонсы падзей на 5 кастрычніка — 29 лістапада 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- ГрамадстваКолькасць настаўнікаў у Беларусі за пяць гадоў скарацілася на 13,3 тыс. (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+



