Разгрузка партыі беларускіх калійных угнаенняў у ЗША чакаецца 14 кастрычніка — СМІ

5 кастрычніка, Позірк. Разгрузка першай за чатыры гады партыі беларускіх калійных угнаенняў у порце Новага Арлеана (штат Луізіяна, ЗША) чакаецца 14 кастрычніка, паведамляе Financial Times са спасылкай на даныя сыравіннай платформы Kpler.
Адзначаецца, што 15 верасня Беларуская калійная кампанія, згодна са звесткамі цэнавага агенцтва Argus, пагрузіла 30 тыс. тон грануляванага хлорыстага калію (MOP) на судна пад сцягам Маршалавых Астравоў у расійскім порце Бронка ў Санкт-Пецярбургу.
Паводле даных Argus, з 2017 па 2021 год Беларусь экспартавала ў ЗША ў сярэднім 635 тыс. тон калійных угнаенняў на год.
Пры гэтым летась Злучаныя Штаты імпартавалі агулам 5,6 млн т калійных угнаенняў, каля 80% прыпала на Канаду. На гэтым фоне пастаўка з Беларусі не выглядае значнай.
Разам з тым, паводле слоў навуковага супрацоўніка аддзела Еўразіі Інстытута Lawfare Кацярыны Шмацінай, якія прыводзіць FT, беларуская пастаўка “служыць некалькім мэтам”, у першую чаргу “выступае палітычным жэстам на фоне гандлёвай напружанасці паміж ЗША і Канадай”. “Што да беларускага боку, Мінск вельмі зацікаўлены ў тым, каб скарыстацца гэтым акном магчымасцей, якое адкрылася ў стасунках з буйной сусветнай дзяржавай”, — дадала яна.
У сваю чаргу партнёр аналітычнай кампаніі R Politik Балаж Ярабік заявіў, што “галоўная логіка, якая стаіць за вялікай калійнай здзелкай Трампа, заключаецца ў тым, каб супакоіць яго электаральную базу перад прамежкавымі выбарамі, а таксама супакоіць беларускі бок”. На яго думку, Мінск “быў незадаволены тым, што пасля зняцця амерыканскіх санкцый беларускія кампаніі сутыкаліся з цяжкасцямі пры спробах вярнуцца на сусветны рынак”.
Раней беларускі калій актыўна экспартаваўся праз порт у літоўскай Клайпедзе. Цяпер гэта немагчыма праз санкцыі, прынятыя на ўзроўні Еўрасаюза.
23 верасня 2026 года дарадца прэзідэнта Літвы па нацыянальнай бяспецы Дэйвідас Матулёніс заявіў у інтэрв’ю радыё LRT, што краіны Балтыі не ідуць на саступкі Злучаным Штатам Амерыкі ў пытанні транзіту праз сваю тэрыторыю беларускіх калійных угнаенняў.
21 верасня прэзідэнт ЗША Дональд Трамп напісаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Truth Social, што Злучаныя Штаты Амерыкі “працуюць над буйной здзелкай па закупцы калійных угнаенняў у Беларусі”. “Цана будзе істотна ніжэйшая за тую, якую мы цяпер плацім Канадзе, — гэта вельмі добрая навіна для нашых фермераў і ўладальнікаў ранча. Дзякую за ўвагу да гэтага пытання!” — адзначыў палітык.
Раней у той дзень Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімірам Арлоўскім заявіў, што Мінск не можа паставіць у ЗША вялікіх аб’ёмаў калійных угнаенняў, бо вырабленая прадукцыя ўжо звязаная кантрактамі на гэты год з іншымі краінамі.
Зацікаўленасць у куплі беларускіх мінеральных угнаенняў Трамп пацвердзіў 22 верасня на сумесным брыфінгу з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім на палях Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку.
У чэрвені 2021 года Еўрасаюз у адказ на рэпрэсіі ў Беларусі, а таксама прымусовую пасадку рэйса Ryanair у Мінску прыняў пакет сектаральных санкцый, якім сярод іншага абмежаваў імпарт, куплю і перадачу пэўных відаў беларускіх калійных угнаенняў. Забарона закранула не ўвесь калійны экспарт, таму пастаўкі прадукцыі прадпрыемства “Беларуськалій” праз порт у Клайпедзе не спыніліся.
У жніўні таго ж года ЗША ўвялі санкцыі непасрэдна супраць “Беларуськалія”. Адначасова быў вызначаны пераходны перыяд для згортвання аперацый з прадпрыемствам — да 8 снежня 2021 года.
На гэтым фоне пастаўкі беларускага калію, якія працягвалі ажыццяўляць “Літоўскія чыгункі” (LTG), выклікалі палітычны скандал у Вільнюсе. Адмысловая камісія прызнала дагавор паміж LTG і “Беларуськаліем” неадпаведным інтарэсам нацыянальнай бяспекі — і ў студзені 2022-га ўрад Літвы пастанавіў спыніць яго дзеянне з 1 лютага таго ж года. Ад гэтай даты чыгуначны транзіт беларускіх калійных угнаенняў па літоўскай тэрыторыі спыніўся.
У сакавіку 2022 года — неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны, у якой Мінск падтрымлівае Маскву, — ЕС рэзка пашырыў свае ранейшыя абмежавальныя меры ў дачыненні да беларускай калійнай сферы, а ў чэрвені ўвёў санкцыі непасрэдна супраць “Беларуськалія” і Беларускай калійнай кампаніі (БКК).
Пасля вяртання Дональда Трампа ў Белы дом на пачатку 2025 года актывізаваліся публічныя кантакты прадстаўнікоў ЗША і беларускіх уладаў. Па выніках сустрэч Аляксандра Лукашэнкі з амерыканскімі дэлегацыямі, якія сталі перыядычна прыязджаць у Мінск, на свабоду пачалі выходзіць групы палітвязняў (пры гэтым рэпрэсіі ў краіне не спыніліся).
У снежні 2025 года Міністэрства фінансаў ЗША выдала генеральную ліцэнзію, якая дазволіла практычна ўсе раней забароненыя аперацыі з “Беларуськаліем”, БКК і Agrorozkvit. У сакавіку 2026-га амерыканскія ўлады выключылі ўсе тры арганізацыі з санкцыйнага спісу (незадоўга да гэтага Лукашэнка па выніках чарговай сустрэчы з прадстаўнікамі Вашынгтона распарадзіўся вызваліць 250 вязняў).
Пасля гэтага з Вільнюса сталі паступаць супярэчлівыя сігналы: гучалі як заявы пра тое, што ЗША чыняць ціск на Літву з тым, каб тая разблакавала транзіт беларускага калію, так і пра тое, што ніякага ціску няма.
У траўні 2026 года прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа адназначна даў зразумець, што тэма з угнаеннямі з Беларусі закрытая да тае пары, пакуль дзейнічаюць адпаведныя санкцыі ЕС.
Праз некалькі месяцаў, у сярэдзіне ліпеня, Агульны суд Еўрапейскага саюза адхіліў іск літоўскай кампаніі Birių krovinių terminalas (тэрмінал сыпкіх грузаў Клайпедскага порта; 30% акцый належаць беларускаму вытворцу калійных угнаенняў), якая аспрэчвала абмежаванні ЕС, што перашкаджаюць у тым ліку транзіту беларускага калію праз Літву.
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- АнонсыАнонсы падзей на 5 кастрычніка — 29 лістапада 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- ГрамадстваКолькасць настаўнікаў у Беларусі за пяць гадоў скарацілася на 13,3 тыс. (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаУ Беларусі працягвае павялічвацца колькасць вакансій для замежных работнікаў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка



