Мінск 15:56

Затрыманы жыхар Магілёўскай вобласці, які даставіў з “суседняй краіны” партыю марыхуаны — МУС

Відэа: прэс-служба МУС / стоп-кадр: "Позірк"

5 кастрычніка, Позірк. 41-гадовы жыхар Магілёўскай вобласці затрыманы на падставе падазрэння ў распаўсюдзе наркотыкаў, паведаміла 5 кастрычніка прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Паводле інфармацыі ведамства, мужчыну затрымалі супрацоўнікі наркакантролю Віцебскай вобласці пры падтрымцы АМАП.

Сцвярджаецца, што ён прывёз з “суседняй краіны” партыю марыхуаны. Наркотык, як заяўлена, прызначаўся для далейшага распаўсюду ў Мінскай вобласці праз закладкі.

У аўтамабілі фігуранта знойдзена каля 4 кг марыхуаны, партыя канфіскаваная.

У дачыненні да мужчыны распачатая крымінальная справа, яму, як адзначаецца, пагражае да 15 гадоў зняволення.

З якой “суседняй краіны” было дастаўленае рэчыва, не ўдакладняецца. Разам з тым беларускія сілавыя структуры часта выкарыстоўваюць такую фармулёўку, калі не хочуць наўпрост казаць пра Расію.

Падзяліцца: