У Баранавіцкім раёне ад пачатку года тры юрыдычныя асобы прыцягнутыя да адказнасці за перадачу хабару

5 кастрычніка, Позірк. Ад пачатку 2026 года ў Баранавіцкім раёне тры юрыдычныя асобы прыцягнутыя да адказнасці паводле арт. 24.59 КаАП (незаконнае ўзнагароджанне ад імя або ў інтарэсах юрыдычнай асобы), паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры са спасылкай на службу інфармацыі Брэсцкай вобласці.
Ва ўсіх выпадках “прадстаўнікі прыватных камерцыйных арганізацый, дзейнічаючы ў іх інтарэсах, перадавалі хабар службовым асобам — галоўнаму энергетыку і намесніку дырэктара сельскагаспадарчых прадпрыемстваў — за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у іх кампетэнцыю, супрацу прадпрыемстваў АПК з прыватнымі камерцыйнымі арганізацыямі, а таксама наданне перавагі пры набыцці тавараў без пошуку альтэрнатыўных пастаўшчыкоў”.
На падставе рашэнняў эканамічнага суда Брэсцкай вобласці кожная з гэтых прыватных камерцыйных арганізацый аштрафаваная на 50 базавых велічынь (2.250 рублёў).
У той жа час асобы, якія атрымалі хабар, асуджаныя паводле ч. 1 арт. 430 КК (атрыманне хабару).
Летась у Беларусі за перадачу незаконнага ўзнагароджання да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 140 юрыдычных асоб, паведамляў у лютым 2026-га начальнік упраўлення па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Генпракуратуры Ігар Грэйба.
Паводле яго слоў, гаворка пра юрасобы, “службовыя асобы якіх былі асуджаныя за перадачу хабару, альбо ў дачыненні да іх былі прынятыя рашэнні па крымінальных справах на нерэабілітавальных абставінах”. Па выніках разгляду такіх спраў паводле арт. 24.59 КаАП сума прызначаных штрафаў перавысіла за 1,7 млн рублёў, сказаў Грэйба.
За першыя шэсць месяцаў 2026 года на 12,5% павялічылася колькасць асуджаных за карупцыйныя злачынствы ў параўнанні з аналагічным перыядам 2025-га, вынікае са статыстыкі Вярхоўнага суда. Агулам за гэты перыяд за карупцыю асуджана 342 чалавекі (у студзені — чэрвені 2025 года — 304).
Часцей за ўсё прыгаворы выносіліся па справах аб хабарах (арт. 430 КК) — 150 (93), за атрыманне хабару асуджаны 21 чалавек (12).
Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе шмат у чым дзякуючы вобразу змагара з карупцыяй і працягвае выкарыстоўваць гэтую тэму. За больш як 30 гадоў карупцыя так і не была пераможаная.

- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- ГрамадстваЗа 40 тыдняў на патрабаванне ўладаў Польшчы краіну пакінула больш за 800 грамадзян Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства


