Мінск 00:17

У Магілёўскім раёне 5-гадовая дзяўчынка загінула з-за дрэва, якое ўпала

Скрыншот: відэаматэрыял СК

15 ліпеня, Позірк. Пра яшчэ адно дзіця, якое загінула напярэдадні з-за падзення дрэва ў выніку непагадзі, паведаміў Следчы камітэт.

Паводле інфармацыі ведамства, увечары 14 ліпеня 5-гадовая дзяўчынка з мамай і цёткай ішлі на чыгуначную станцыю “Тэкстыльшчык” у Магілёўскім раёне.

“Моцныя парывы ветру прывялі да падзення дрэў, пад адным з якіх апынуліся жанчыны і малая, — адзначае СК. — Ад удару абрынутай бярозы маці дзяўчынкі страціла прытомнасць, малую прыціснула ствалом. Другая жанчына абышлася нязначнымі ўдарамі і пачала вымаць пацярпелых з-пад дрэва, а затым выклікала хуткую. Нягледзячы на аператыўныя рэанімацыйныя дзеянні медыкаў, якія прыбылі на месца, дзіця памерла ў машыне хуткай дапамогі”.

Мама з дачкой, паводле інфармацыі ведамства, прыязджалі да сваячкі, каб прайсці планавае абследаванне ў бальніцы і падрыхтаваць дзяўчынку да школы.

14 ліпеня паведамлялася, што ў дзіцячым аздараўленчым лагеры імя Марата Казея ў Рэчыцкім раёне праз паваленыя дрэвы загінуў 13-гадовы хлопчык, яшчэ шасцёра дзяцей ва ўзросце ад 7 да 13 гадоў атрымалі траўмы.

Паводле аператыўных даных Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, у выніку праходжання навальнічнага фронту з парывамі ветру да 29 м/с пацярпела 268 населеных пунктаў (Магілёўская вобласць — 7, Брэсцкая — 12, Гомельская — 249). Пашкоджаныя дахі 586 жылых дамоў, сем аб’ектаў сацкультбыту і 146 сельскагаспадарчых будынкаў.

У выніку парываў ветру ад паваленых дрэў і элементаў дахаў загінула чатыры чалавекі (у тым ліку двое дзяцей), траўмавана пяць (чатыры непаўналетнія).

Зафіксавана 819 выпадкаў падзення дрэў — у Брэсцкай (23), Гомельскай (404), Мінскай (8), Магілёўскай (384) абласцях і Мінску (11). Дрэвамі, якія ўпалі, пашкоджана 55 аўтамабіляў — у Гомельскай (46), Мінскай (1) і Магілёўскай (8) абласцях.

Праз непагадзь электразабеспячэнне парушалася ў 1.960 населеных пунктах.

Паводле інфармацыі Беларускай чыгункі, у выніку падзення дрэў на чыгуначныя шляхі затрымка ў руху 46 цягнікоў у Гомельскай і Магілёўскай абласцях склала ад 6 хвілін да 7 гадзін 50 хвілін.

Падзяліцца: