Мінск 17:21

У першым паўгоддзі сума наяўных грошай у абароце вырасла на 13,3% — Нацбанк

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

15 ліпеня, Позірк. Паводле даных Нацыянальнага банка, сума наяўных грошай у абароце (агрэгат М0) на 1 ліпеня 2024 года склала 10 млрд 739,7 млн рублёў, павялічыўшыся за месяц на 400,3 млн рублёў (на 1 траўня — 10 млрд 166,5 млн; +3,9%).

У параўнанні з 1 студзеня сума наяўных грошай у абароце вырасла на 13,3% (на той момант складала 9 млрд 474,6 млн рублёў).

Пераводныя дэпазіты ад пачатку года павялічыліся на 0,8% — з 15 млрд 29,4 млн да 15 млрд 150,2 млн рублёў.

Наяўных грошай у абароце і пераводных дэпазітаў у нацыянальнай валюце (М1) стала больш на 5,7% — з 24 млрд 504 млн да 25 млрд 889,2 млн.

Грашовая маса ў нацыянальным вызначэнні (М2) павялічылася з 40 млрд 238,2 млн да 44 млрд 871,2 млн (+11,5%), рублёвая грашовая маса (М2*) — з 41 млрд 998,5 млн да 46 млрд 751,3 млн (+11,3%), шырокая грашовая маса (М3) — з 75 млрд 668,5 млн да 80 млрд 492,9 млн (+6,4%).

За 2023 год агрэгат М0 вырас на 37,44%, М1 — на 33,85%, М2 — на 34,28%, М2* — на 34,73%, М3 — на 23,56%.

Захаванне ў Беларусі наяўных грошай і бягучых рахункаў у якасці асноўнага драйвера росту грашовай масы “нясе інфляцыйна-дэвальвацыйныя рызыкі пры ўзнікненні знешніх шокаў”, гаварылася ў сакавіцкім макраэканамічным аглядзе Еўразійскага банка развіцця.

У студзені эканамісты праекта “Кошт урада” адзначалі, што павелічэнне ролі наяўных грошай у эканоміцы нясе шэраг пагроз і рызык — ад “росту аб’ёму ценявых плацяжоў і шэрых схем бізнесу” да “павышэння рызыкі раскручвання інфляцыі і дэвальвацыі”.

Эксперты нагадалі, што ў 2021 годзе аб’ём наяўных грошай у эканоміцы вырас на 596 млн рублёў (+14%), 2022-м — на 2 млрд 173 млн (+46%), за 2023-й — яшчэ на 2 млрд 581 млн (+48%). Рост іх аб’ёму, на думку “Кошта ўрада”, “практычна без прыпынку працягваўся з лютага 2022 года, з месячным перапынкам у кастрычніку 2023 года і рэзкім рыўком у снежні”.

Падзяліцца: