Мінск 01:07

Беларусь не будзе прымаць “сіметрычных мер” супраць Латвіі ў сувязі з забаронай на ўезд аўтамабіляў — МЗС

Ілюстратыўнае фота: Kārlis Miksons / Latvijas Televīzija

15 ліпеня, Позірк. Ва ўладаў у Мінску “няма намераў прымаць сіметрычныя меры супраць грамадзян Латвіі” ў адказ на забарону ўезду ў гэтую балтыйскую краіну аўтамабіляў з беларускімі нумарамі, заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.

У каментары, апублікаваным на сайце знешнепалітычнага ведамства, Глаз адзначыў, што Беларусь зацікаўлена “ў развіцці кантактаў з суседзямі, у тым ліку ў рамках дзейнага для латышоў бязвізавага рэжыму для наведвання нашай краіны”.

Забарону на ўезд у Латвію транспартных сродкаў з беларускімі рэгістрацыйнымі знакамі ён назваў “ударам па звычайных людзях”.

“Цалкам зразумела, што найперш пацерпяць змешаныя сем’і, грамадзяне дзвюх краін, якія ездзяць да сваіх сваякоў, турысты з дзецьмі, падарожнікі і гэтак далей. Таму мы лічым гэты крок бесчалавечным і антыгуманным”, — падкрэсліў прэс-сакратар.

На думку МЗС, забарона “не мае ніякага практычнага сэнсу, ніякага законнага прававога абгрунтавання і прывядзе да свядомага ўскладнення гуманітарных і культурных сувязей паміж Латвіяй і Беларуссю, узмацненню атмасферы недаверу”.

Рыга, дадаў прадстаўнік ведамства, “яўна дзейнічаючы на шкоду сваім нацыянальным інтарэсам, у чарговы раз аддала перавагу такім нецывілізаваным і недэмакратычным мерам”. “Уся адказнасць за гэта ляжыць на латвійскім баку”, — сказаў ён.

З 16 ліпеня асобам на легкавых аўтамабілях з беларускімі нумарамі будзе забаронена ўязджаць у Еўрасаюз праз пункты пропуску на мяжы Латвіі з Беларуссю і Расіяй. Рыга пайшла на гэты крок, каб забяспечыць выкананне санкцый ЕС.

Пасля ўвядзення забароны асоба з зарэгістраваным у Беларусі транспартным сродкам павінна будзе вярнуцца з пункта пропуску ў краіну, з якой яна мела намер уехаць у Латвію. У выпадку адмовы ад выканання патрабаванняў транспарт можа быць канфіскаваны.

Забарона не распаўсюджваецца на дыпламатычны транспарт.

Паведамлялася таксама, што Міністэрства юстыцыі распрацоўвае законапраект, які забараняе зарэгістраванаму ў Беларусі транспарту заставацца ў Латвіі і перасякаць мяжу транзітам. Аўтамабілі з беларускімі нумарамі, якія знаходзяцца на латвійскай тэрыторыі, давядзецца перарэгістраваць.

29 чэрвеня Савет ЕС прыняў новыя абмежавальныя меры эканамічнага характару ў дачыненні да Беларусі ў сувязі з удзелам рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны. Сярод іншага была пашырана забарона на перавозку грузаў аўтатранспартам па тэрыторыі ЕС прычэпамі і паўпрычэпамі з беларускай рэгістрацыяй, у тым ліку пры перавозцы грузавікамі, зарэгістраванымі не ў Беларусі.

Акрамя таго, каб мінімізаваць рызыку абыходу санкцый, зарэгістраваным у ЕС кампаніям, што належаць беларускім фізічным або юрыдычным асобам на 25% або больш, “павінна быць забаронена станавіцца аўтатранспартным прадпрыемствам або перавозіць тавары аўтатранспартам у саюзе, у тым ліку транзітам”.

Падзяліцца: