Мінск 04:34

“Вясна” і Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў запатрабавалі вызвалення калег

Алесь Бяляцкі
Фота: Amnesty international

19 ліпеня, Позірк. Да неадкладнага і безумоўнага вызвалення праваабаронцаў, якія знаходзяцца ў зняволенні, заклікалі праваабарончы цэнтр “Вясна” і абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (FIDH-OMCT) у чарговай сумеснай заяве.

У дакуменце адзначаецца, што праваабаронцы “Вясны” Алеся Бяляцкі, Уладзімір Лабковіч і Валянцін Стэфановіч, затрыманыя 14 ліпеня 2021 года, знаходзяцца ў жудасных умовах.

Нядаўна стала вядома, што лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Бяляцкаму сістэматычна адмаўляюць у кантактах са сваякамі, ён не атрымлівае лістоў і перадач, прыводзяць прыклад аўтары. Стан здароўя Бяляцкага, канстатуюць яны, застаецца невядомым.

Праваабаронцы заклікаюць беларускія ўлады неадкладна і безумоўна “вызваліць незаконна зняволеных” чальцоў каманды “Вясны” Марфу Рабкову (прыгавораная да 14 гадоў і 9 месяцаў пазбаўлення волі) і Андрэя Чапюка (5 гадоў і 9 месяцаў), а таксама ўсіх іншых праваабаронцаў і зняволеных у Беларусі, асуджаных паводле палітычна матываваных абвінавачванняў.

Арганізацыі падкрэсліваюць, што “палітычна матываваны, адвольны ўціск і жорсткае абыходжанне з праваабаронцамі і палітычнымі зняволенымі ў беларускіх турмах агулам павінен быць неадкладна спынены”. Праваабаронцы заклікаюць беларускія ўлады выконваць свае міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека.

Абсерваторыя і “Вясна” заклікалі міжнародную супольнасць выкарыстоўваць усе даступныя сродкі для забеспячэння правасуддзя, падсправаздачнасці і кампенсацыі шкоды ўсім праваабаронцам, адвольна зняволеным у турму.

3 сакавіка 2023 года заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Бяляцкі быў прыгавораны да 10 гадоў пазбаўлення волі, яго намеснік і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч — да 9, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч — да 7. Праваабаронца Дзмітрый Салаўёў, які знаходзіцца за мяжой, завочна асуджаны па гэтай справе на 8 гадоў зняволення.

Падзяліцца: