Мінск 15:33

Лукашэнка хоча працаваць з Сірыяй над “узаемавыгаднымі праектамі”

Сцяг Сірыі пасля зрынання рэжыму Асада
Ілюстрацыйнае фота: Omar Ramadan / unsplash.com

17 красавіка, Позірк. Мінск зацікаўлены ў “працягу сяброўскага дыялогу” з Дамаскам і “паступальным развіцці міждзяржаўнага ўзаемадзеяння на падмурку павагі і ўліку нацыянальных інтарэсаў”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 17 красавіка прэзідэнта Сірыі Ахмеда аш-Шараа з Днём эвакуацыі (свята прывязанае да даты вываду з краіны брытанскіх і французскіх войскаў у 1946 годзе).

“Перакананы, што сумеснымі намаганнямі мы здолеем вызначыць перспектыўныя кірункі далейшага двухбаковага партнёрства, выпрацаваць шэраг узаемавыгадных праектаў, скаардынаваць пазіцыі на міжнародных пляцоўках”, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка.

Адметна, што аш-Шараа названы проста прэзідэнтам, а не часовым прэзідэнтам або прэзідэнтам пераходнага перыяду.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Сірыяй усталяваныя 26 жніўня 1993 года. Лукашэнка наведваў гэтую краіну ў 1998 і 2003 гадах. Былы сірыйскі прэзідэнт Башар Асад здзейсніў візіт у Беларусь у 2010 годзе.

Лукашэнка рэгулярна віншаваў Асада з Днём эвакуацыі — у 2012-м, а таксама 2016–2024 гадах, але не ў 2025-м, калі сірыйскі рэжым ужо быў зрынуты, у тым ліку пры непасрэдным актыўным удзеле цяперашняга прэзідэнта аш-Шараа.

Башар Асад уступіў на пасаду 17 ліпеня 2000 года замест памерлага бацькі Хафеза Асада, які прыйшоў да ўлады ў выніку ваеннага перавароту ў лістападзе 1970-га. У суме сям’я Асадаў кіравала краінай 54 гады.

Асад абіраўся на пасаду прэзідэнта на безальтэрнатыўных выбарах у 2000 і 2007 гадах, у 2014 годзе пераабраўся прэзідэнтам на першых альтэрнатыўных выбарах з афіцыйным вынікам 88,7% галасоў.

Выбары 2014 года праходзілі ва ўмовах грамадзянскай вайны і байкатаваліся апазіцыяй, іх вынікі не былі прызнаныя заходнімі краінамі. У 2021 годзе на чарговых выбарах Асад, паводле афіцыйных даных, набраў 95,1% галасоў.

Лукашэнка, у апошні раз віншуючы Асада і сірыйскі народ з нацыянальным святам 17 красавіка 2024 года, заявіў пра намер працягваць “падтрымліваць брацкую Сірыю для дасягнення міру, стабільнасці і працвітання”.

8 снежня 2024 года стала вядома пра падзенне рэжыму Башара Асада ў Сірыі. Сам Асад з членамі сваёй сям’і збег у Маскву, дзе атрымаў прытулак.

У снежні 2024 года Лукашэнка абвінаваціў Захад у абвастрэнні сітуацыі ў Сірыі.

Са студзеня мінулага года часовым прэзідэнтам краіны абвешчаны Ахмед Аш-Шараа (вядомы як Абу Мухамад аль-Джулані). Ён нарадзіўся ў 1982 годзе. У 2003 годзе пад уплывам уварвання ЗША ў Ірак далучыўся да арганізацыі “Аль-Каіда” ў Іраку. У 2006-м быў арыштаваны ўладамі ЗША і правёў пяць гадоў у турмах Абу-Грэйб і аль-Таджы (Ірак), а таксама ў лагерах Кэмп-Бука і Кэмп-Кропер (Ірак), дзе пазнаёміўся з будучымі лідарамі джыхадысцкіх рухаў Сірыі і Ірака.

З 2012 года Джулані каардынаваў свае дзеянні з іракскім аддзяленнем “Аль-Каіды”. У траўні 2013 года Дэярждэп ЗША ўнёс Джулані ў спіс асабліва небяспечных тэрарыстаў, затым абвясціў узнагароду ў 10 млн долараў за садзейнічанне ў яго злове. Пазней паведамлялася, што прапанова пра ўзнагароджанне была скасаваная ў снежні 2024 года пасля сустрэчы Джулані з амерыканскай дэлегацыяй.

Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў 29 студзеня 2025 года сустрэўся ў Дамаску з Ахмедам Аш-Шараа і начальнікам Генеральнай выведкі Анасам Хатабам. Неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы МЗС Беларусі тады паведаміў, што Рыжанкоў на даручэнне Лукашэнкі ўручыў падарунак Аш-Шараа — “сімвалічныя сертыфікаты на 50 аўтобусаў МАЗ”. Заяўлялася, што “на працягу найбліжэйшых трох месяцаў” яны будуць вырабленыя і накіраваныя ў Сірыю.

Падзяліцца: