Мінск 10:20

Лукашэнка заклікаў харватаў да “канструктыўнага развіцця двухбаковых сувязей”

Ілюстрацыйнае фота: mana5280 / unsplash.com

30 траўня, Позірк. Паміж беларусамі і харватамі “гістарычна склаліся і захоўваюцца прыязныя, добразычлівыя стасункі”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 30 траўня народ Харватыі з Днём дзяржаўнасці.

“Упэўнены, што рух наперад па шляху канструктыўнага развіцця двухбаковых сувязей адпавядае карэнным інтарэсам народаў Беларусі і Харватыі, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка. — Перакананы, узаемадзеянне дзелавых колаў, культурны абмен і гуманітарныя кантакты будуць пашырацца і садзейнічаць дасягненню плённых вынікаў на карысць Мінска і Заграба”.

Пасля падзей 2020 года Лукашэнка традыцыйна не віншуе з нацыянальнымі святамі лідараў большасці дзяржаў Захаду, абмяжоўваючыся толькі пасланнямі на адрас народаў гэтых краін.

Менавіта народ, а не кіраўніцтва Харватыі ён упершыню павіншаваў з Днём дзяржаўнасці ў 2022 годзе — неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, у якой Мінск падтрымаў Маскву.

Тады Лукашэнка звяртаўся да таго, што харваты і беларусы — славянскія народы, якія шмат у чым падобныя. “Мы ведаем, што такое канфлікты, і памятаем цану, якую даводзіцца плаціць за мір. Беларусы і харваты шмат перажылі, абараняючы права жыць у сваім доме, на сваёй зямлі. Зноў прыйшлі няпростыя часы. Уменне слухаць, жаданне чуць і здольнасць разумець набываюць сёння асаблівае значэнне”, — казаў ён народу Харватыі, выказваючы ўпэўненасць у тым, што гэтыя якасці будуць “садзейнічаць росквіту абедзвюх краін, а таксама сяброўству і добрым сувязям паміж імі”.

У 2023 годзе палітык заявіў, што беларусы паважаюць “уменне харватаў слухаць іншых і пры гэтым не замяняць уласнае меркаванне чужым”, а таксама “імкненне захоўваць сябе і сваё бачанне працэсаў, якое часта ідзе насуперак тэндэнцыям у сучаснай Еўропе”. Адзначыўшы, што ў двухбаковых сувязях “трэба аддаваць перавагу даверу, добрасуседству і супрацы, удасканальваць гандлёва-эканамічныя стасункі, садзейнічаць кааперацыі ў сферах паставак тавараў і аказання паслуг”, Лукашэнка выступіў за “развіццё ўзаемных дзелавых кантактаў і арганізацыю сумесных мерапрыемстваў па лініі гандлёва-прамысловых палат і кампаній”.

У 2024 годзе Лукашэнка заявіў, што беларусы і харваты “на працягу стагоддзяў <…> нястомна змагаюцца за самастойнасць сваёй зямлі, пры павазе да мінулага і шчырай надзеі на будучыню адстойваюць правы на суверэнітэт, свабоду і самабытнасць”. Пры гэтым ён выказаў меркаванне, што “сумесная канструктыўная дзейнасць, рэалізацыя беларуска-харвацкіх праектаў у розных сферах падкрэсляць лепш за любыя словы нацэленасць двух народаў на мірнае суіснаванне і стваральную працу”.

Летась палітык сцвярджаў, што ў Беларусі “заўсёды разглядалі Харватыю як значнага еўрапейскага партнёра і з вялікай увагай ставіліся да развіцця сумесных праектаў”, хоць краіны “ўваходзяць у розныя палітычныя аб’яднанні”. Ён выказаў упэўненасць у тым, што “толькі раўнапраўны дыялог здольны наблізіць <…> да паўнацэннай рэалізацыі патэнцыялу абедзвюх дзяржаў, увасобіць імкненне беларусаў і харватаў да міру ў Еўропе”.

Адметна, што з году ў год звароты Лукашэнкі да харватаў станавіліся ўсё карацейшымі. У 2022 годзе віншаванне палітыка складалася са 125 слоў, у 2023-м — са 102, у 2024-м — з 83, у 2025-м — з 62. І толькі ў 2026 годзе пасланне крыху павялічылася — да 93 слоў.

Харватыя, будучы часткай Еўрапейскага саюза, не прызнае Лукашэнку легітымным прэзідэнтам Беларусі. Еўрасаюз увёў у дачыненні да прадстаўнікоў яго рэжыму санкцыі.

У сваю чаргу ўрад Беларусі ўвесну 2022 года зацвердзіў пералік “замежных дзяржаў, што здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да беларускіх юрыдычных і (або) фізічных асоб”, у які ўваходзяць усе краіны ЕС.

Беларускі дэмакратычны лідэр Святлана Ціханоўская тройчы наведвала Харватыю: у рамках першага афіцыйнага візіту ў студзені 2023 года яна сустракалася з прэм’ер-міністрам краіны, міністрам замежных спраў, спікерам парламента; у ліпені 2025-га ўдзельнічала ў Дуброўніцкім форуме на запрашэнне кіраўніка МЗС; у красавіку 2026-га — удзельнічала ў саміце Ініцыятывы трох мораў, сустракалася з лідарамі краін рэгіёну.

Харватыя падтрымлівае створаны беларускімі дэмакратычнымі сіламі Міжнародны гуманітарны фонд дапамогі палітвязням.

Падзяліцца: