Мінск 13:09

Ад пачатку года з продажу на ўкраінскіх пляцоўках анлайн-гандлю вынята больш як 2 тыс. найменняў кніг з РФ і Беларусі

3 верасня, Позірк. Больш за 600 найменняў выданняў, выпушчаных выдавецтвамі Расіі і Беларусі, выявілі ў жніўні 2026 года спецыялісты Дзяржаўнага камітэта тэлебачання і радыёвяшчання (Дзяржкамтэлерадыё) Украіны.

Паводле інфармацыі ведамства, большасць прапаноў была “незаконна размешчаная” на ўкраінскіх маркетплэйсах Prom.ua (прадаўцы — “Книги тут”, “Софіко”) і ROZETKA.UA (“Діамант”, Favorite books).

“Дзякуючы ўзаемадзеянню з адміністрацыямі названых анлайн-пляцовак выяўленыя таварныя пазіцыі былі аператыўна выдаленыя, а прадаўцы папярэджаныя пра адказнасць за ажыццяўленне дзейнасці ў сферы выдавецкай справы з парушэннем патрабаванняў украінскага заканадаўства, — гаворыцца ў паведамленні. — У той жа час усім астатнім суб’ектам электроннай камерцыі былі накіраваныя лісты з патрабаваннем самастойна выдаліць са сваіх рэсурсаў забароненыя тавары”.

Праведзены “Позіркам” аналіз паведамленняў Дзяржкамтэлерадыё паказаў, што за восем месяцаў гэтага года на ўкраінскіх пляцоўках было выяўлена не менш як 2.179 найменняў кніг з РФ і Беларусі. Прычым тэмпы ў апошнія месяцы нарастаюць: у студзені было выяўлена 129, лютым — больш за 150, сакавіку — больш за 500 (больш за 100 знойдзена ведамствам, яшчэ пра больш як 400 заявілі самі пляцоўкі), красавіку — больш за 100, траўні — больш за 150, чэрвені — больш за 150, ліпені — больш за 400, жніўні — больш за 600.

Паводле інфармацыі Дзяржкамтэлерадыё, з красавіка 2024 года спынены распаўсюд больш як 12,5 тыс. найменняў выдавецкай прадукцыі РФ і Беларусі на Prom.ua, ROZETKA.UA ды іншых пляцоўках.

Якая доля кніг з Беларусі, не ўдакладняецца.

У чэрвені 2023 года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў закон “Аб унясенні змяненняў у некаторыя законы Украіны аб устанаўленні абмежаванняў на ўвоз і распаўсюджванне выдавецкай прадукцыі, якая датычыцца дзяржавы-агрэсара, Рэспублікі Беларусь, часова акупаванай тэрыторыі Украіны”. Палажэнні дакумента былі імплементаваныя ў арт. 281 закона “Аб выдавецкай справе”, на які спасылаецца Дзяржкамтэлерадыё.

Сярод іншага Дзяржаўны камітэт тэлебачання і радыёвяшчання Украіны вядзе “маніторынг выдавецкай сферы дзяржавы-агрэсара, Рэспублікі Беларусь і часова акупаваных тэрыторый Украіны” на прадмет выпуску “антыўкраінскай выдавецкай прадукцыі”. Звесткі пра такую прадукцыю ўносяцца ў “пералік кніжных выданняў, змест якіх накіраваны на ліквідацыю незалежнасці Украіны, прапаганду гвалту, распальванне міжэтнічнай, расавай, рэлігійнай варожасці, здзяйсненне тэрарыстычных актаў, замах на правы і свабоды чалавека”.

На 27 жніўня 2026 года ў гэтым спісе фігуравала 703 выданні, але, паводле праведзенага “Позіркам” аналізу, ніводнага з Беларусі. У самой Украіне выдадзена 7; сумесна ў РФ і Украіне — 2; у “асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей” і “часова акупаванай тэрыторыі Аўтаномнай Рэспублікі Крым” — па 4; у Італіі, Францыі, Швейцарыі, Японіі ды на “часова акупаванай тэрыторыі Данецкай вобласці” — па 1; у Расіі — 681.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю 24 лютага 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Падзяліцца: