Мінск 11:16

Ціханоўская пра спецтрыбунал за агрэсію супраць Украіны: Гэта квіток Лукашэнку ў Гаагу, не мае быць беспакаранасці

Ілюстрацыя на старонцы МЗС Украіны ў сацсетцы Х

30 траўня, Позірк. “Гэта квіток [Аляксандру] Лукашэнку ў Гаагу”, — так беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская адрэагавала на паведамленне Міністэрства замежных спраў Украіны пра перспектыву стварэння спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць украінскай дзяржавы.

“Злачынства агрэсіі супраць Украіны было спланаванае і сталася магчымым дзякуючы канкрэтным асобам, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х. — Лукашэнка надаў тэрыторыю Беларусі для ўварвання Расіі і ператварыў нашу краіну ў плацдарм для вайны. Не мае быць беспакаранасці”.

29 траўня МЗС Украіны паведаміла, што “37 дзяржаў афіцыйна ўхвалілі пагадненне, неабходнае для стварэння спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны і для яго запуску ў Гаазе”.

“Гэта важная веха для міжнароднага правасуддзя, — адзначыла ўкраінскае знешнепалітычнае ведамства. — Трыбунал заснаваны на прынцыпе, замацаваным пасля Другой сусветнай вайны: тыя, хто развязвае агрэсіўныя войны, нясуць асабістую адказнасць за гэтае рашэнне. Вайна Расіі супраць Украіны не ўзнікла сама па сабе. Яна была спланаваная, санкцыянаваная і ажыццёўленая канкрэтнымі асобамі”.

“Яны павінны быць прыцягнутыя да адказнасці. Бо трывалы мір немагчымы без справядлівасці — і агрэсія ніколі не мае заставацца без наступстваў”, — падкрэсліў МЗС Украіны.

Паведамленне суправаджае ілюстрацыя, якая адлюстроўвае пазіцыю Кіева — адказнасць за агрэсію нясе не толькі прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, але і шэраг высокапастаўленых расійскіх чыноўнікаў, а таксама “самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі Лукашэнка”.

Пра тое, што Лукашэнка, а таксама Пуцін ды іншыя прадстаўнікі расійскага кіраўніцтва “атрымалі свой квіток у Гаагу” і “ўвойдуць у гісторыю як злачынцы”, міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга заявіў 15 траўня ў Кішынёве на міністэрскім пасяджэнні Камітэта міністраў Савета Еўропы (СЕ).

Тады было заяўлена, што на пасяджэнні “37 дзяржаў свету прынялі рашэнне пра зацвярджэнне Пашыранага частковага пагаднення аб стварэнні Кіроўнага камітэта спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны — трэцяга ўстаноўчага дакумента Спецыяльнага трыбунала”.

Пагадненне аб стварэнні спецыяльнага трыбунала аб адказнасці за ваенную агрэсію супраць Украіны падпісалі 25 чэрвеня 2025 года ў Страсбургу (Францыя) генеральны сакратар СЕ Ален Берсэ і ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. Крыху раней, 9 траўня таго ж года, у Львове пра завяршэнне працы па стварэнні трыбунала заявіла кааліцыя з 35 дзяржаў — членаў СЕ.

На сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) увесну 2025 года была прынятая рэзалюцыя з папраўкай, ініцыяванай камандай Народнага антыкрызіснага кіравання і яго кіраўніком Паўлам Латушкам, з якой вынікала, што юрысдыкцыя спецтрыбунала ў рамках СЕ па злачынстве агрэсіі ў дачыненні да Украіны “павінна распаўсюджвацца на меркаваныя злачынствы агрэсіі, здзейсненыя так званым беларускім кіраўніцтвам”.

На летняй сесіі таго ж года ПАСЕ прыняла рэзалюцыю з прапанаваным той жа камандай дадаткам, які тычыцца адказнасці Лукашэнкі за перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных РФ тэрыторый Украіны.

24 лютага 2022 года Расія распачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Расследавальнікі неаднаразова прадстаўлялі даныя, якія сведчаць пра тое, што многія беларускія прадпрыемствы актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Падзяліцца: