Мінск 19:56

Другі энергаблок БелАЭС уведзены ў прамысловую эксплуатацыю

Фота: ДП "Беларуская АЭС"

1 лістапада, Позірк. Камісія пад старшынствам намесніка прэм’ер-міністра Пятра Пархомчыка падпісала 1 лістапада акт прыёмкі ў эксплуатацыю пускавога комплексу другога энергаблока Беларускай АЭС.

“Рашэнне камісіі грунтуецца на станоўчых заключэннях наглядных органаў і працоўнай камісіі БелАЭС, а таксама на падставе выдадзенай МНС ліцэнзіі на прамысловую эксплуатацыю другога энергаблока”, — паведамляе прэс-служба Міністэрства энергетыкі.

Адзначаецца, што ў склад прыёмачнай камісіі ўвайшлі прадстаўнікі Мінэнерга, МНС, Дзяржстандарту, Мінбудархітэктуры, Мінпрыроды, Міністэрства аховы здароўя, МУС, Гродзенскага аблвыканкама, ДВА “Белэнерга”, прадстаўнікі расійскіх кампаній “АСЭ”, “Атамбудэкспарт”, “Атамтэхэнерга”, “профільныя спецыялісты, эксперты і навукоўцы”.

“Ацэнка ажыццяўлялася па ключавых напрамках: праверка гатоўнасці тэхналагічных сістэм і абсталявання да засваення цеплавой і электрычнай магутнасці, падрыхтоўка персаналу, гатоўнасць сістэм бяспекі, ядзерны нагляд і інш.”, — заявілі ў Мінэнерга.

Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць) пераважна за кошт крэдыту Расіі па расійскім праекце ВВЭР-1200. Генеральным праекціроўшчыкам і генпадрадчыкам выступае інжынірынгавая кампанія “АСЭ”, якая з’яўляецца галаўной арганізацыяй інжынірынгавага дывізіёна расійскай дзяржкарпарацыі “Расатам”.

Першы блок АЭС сілкуе энергасістэму з 3 лістапада 2020 года, прамыслова эксплуатуецца з чэрвеня 2021-га. Другі энергаблок вырабляе электраэнергію з 13 траўня гэтага года. З 29 верасня спецыялісты праводзілі 15-дзённае комплекснае апрабаванне абсталявання другога блока, у рамках якога ён бесперапынна працаваў на поўнай магутнасці.

Падзяліцца: