Мінск 04:25

МЗС і амбасада ФРГ “актыўна абараняюць інтарэсы” асуджанага да смяротнага пакарання Рыка Крыгера

Крыніца: tagesschau.de

19 ліпеня, Позірк. Знешнепалітычнаму ведамству Германіі вядома аб кейсе нямецкага грамадзяніна Рыка Крыгера, асуджанага ў Беларусі да смяротнага пакарання. Пра гэта гаворыцца ў адказе прэс-службы МЗС ФРГ на запыт інфармацыйнага агенцтва “Позірк”.

“Знешнепалітычнае ведамства і амбасада ў Мінску надаюць пацярпелай асобе консульскую дапамогу і актыўна абараняюць яго інтарэсы перад беларускімі органамі ўлады. Смяротнае пакаранне — жорсткая і бесчалавечная форма пакарання, якую Германія не прымае ні пры якіх абставінах. Мы актыўна выступаем па ўсім свеце за яе скасаванне і супраць прывядзення яе ў выкананне ў дачыненні да ўсіх, хто да яе асуджаны”, — падкрэслівае МЗС ФРГ.

Прэс-служба ведамства просіць разумення, што ў інтарэсах абароны асобы не можа апублікаваць “дэталі консульскіх выпадкаў”.

19 ліпеня праваабарончы цэнтр “Вясна” пацвердзіў факт таго, што 24 чэрвеня Мінскі абласны суд вынес смяротны прысуд 30-гадоваму грамадзяніну Германіі Рыка Крыгеру. Першым інфармацыю пра прысуд са спасылкай на ўласныя крыніцы распаўсюдзіў тэлеграм-канал”МотолькоПомоги”.

Грамадзянін ФРГ абвінавачваўся па ч. 4 арт.295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), ч. 4 арт. 309 (наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін), ч. 3 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім), ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму), арт. 3581 (агентурная дзейнасць) і арт. 133 (найміцтва) Крымінальнага кодэкса.

Гл. падрабязней:

Праваабаронцы пацвердзілі вынясенне ў Беларусі смяротнага выраку грамадзяніну Германіі

Падзяліцца: