Мінск 04:14

Прызнаную палітзняволенай маці блогера Такарчук пачнуць судзіць 1 жніўня

Ірына Такарчук
Фота: сацсеткі палітзняволенай

24 ліпеня, Позірк. Мінскі гарадскі суд 1 жніўня пачне разглядаць справу 63-гадовай палітзняволенай Ірыны Такарчук — маці блогера Вольгі Такарчук, сведчыць расклад на партале электроннай судаводства.

Суддзя Таццяна Фалькоўская пачне працэс у 10:30.

Ірына Такарчук абвінавачваецца паводле ч. 2 арт. 3614 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Жанчыну затрымалі 23 студзеня падчас масавага рэйду сілавікоў. У той самы дзень затрымалі, але потым адпусцілі Вольгу Такарчук.

У наступныя дні следчы прапанаваў мужу і дачцэ Ірыны Такарчук выступіць сведкамі па яе справе, але сваякі адмовіліся даваць паказанні. Неўзабаве пасля гэтага блогер разам з дзецьмі і бацькам пакінула Беларусь.

У траўні 2021 года ў кватэру, дзе Вольга Такарчук жыла з мужам і непаўналетнімі дзецьмі, прыйшлі з вобшукам. На той момант яна ўжо знаходзілася ў статусе падазраванай паводле ч. 1 арт. 391 (абраза суддзі ці народнага засядацеля) і арт. 188 (паклёп) КК.

Пазней ёй выставілі новае абвінавачанне — паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай.

У снежні 2021 года суд Заводскага раёна Мінска прыгаварыў блогера да 1,5 года пазбаўлення волі.

16 чэрвеня 2022 года Вольга Такарчук выйшла на волю з гомельскай калоніі № 4, цалкам адбыўшы тэрмін.

Падзяліцца: