Мінск 20:38

Адкрыты медцэнтр сімуляцыйнага навучання, яго будаўніцтва прыпынялася з-за спынення міжнароднага фінансавання

Фота: прэс-служба Міністэрства аховы здароўя

2 лістапада, Позірк. У Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі работнікаў аховы здароўя Белдзяржмедуніверсітэта 2 лістапада адкрыты першы ў Беларусі Рэспубліканскі цэнтр прафатэстацыі і сімуляцыйнага навучання медыцынскіх фармацэўтычных работнікаў, паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

Цэнтр узводзіўся з 2020 года, агульны кошт аб’екта — больш за 34 млн рублёў.

Адзначаецца, што ў 35 сімуляцыйных і 12 інструктарскіх кабінетах размешчана 180 адзінак абсталявання высокага ўзроўню рэалістычнасці, у асноўным расійскай вытворчасці.

Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка паведаміў на адкрыцці цэнтра, што праект пачынаўся ў рамках праграмы міжнароднага супрацоўніцтва.

“На жаль, як і некаторыя іншыя аб’екты, ён (цэнтр. — Позірк“.) быў кінуты нашымі партнёрамі фактычна на пачатковай стадыі будаўніцтва, — сказаў Галоўчанка. — Не ведаю, з якіх меркаванняў гэта адбылося. Мы асвоілі міжнароднае фінансаванне, якое вылучалася на гэта аб’ект, прыкладна на 15–20%. Мы не маглі сабе дазволіць, каб краіна пазбавілася такога ўнікальнага цэнтра, таму было прынята рашэнне, як і па многіх іншых аб’ектах, завешыць яго будаўніцтва ўласнымі сіламі”.

Супрацоўніцтва з Беларуссю ў выглядзе міжнароднай тэхнічнай дапамогі было прыпынена амаль па ўсіх напрамках у сувязі з рэпрэсіямі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і ўдзелам краіны ў расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Прававыя падставы выкарыстання бюджэтных сродкаў для завяршэння “інфраструктурных праектаў, фінансаванне якіх спынена міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі на стадыі актыўнай рэалізацыі”, устаноўлены ўказам № 282 ад 11 верасня 2023 года.

Цэнтр прафатэстацыі і сімуляцыйнага навучання ўзводзіўся за сродкі, выдзеленыя па пагадненні аб пазыцы з Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця (МБРР) у рамках праграмы “Мадэрнізацыя сістэмы аховы здароўя”.

2 сакавіка 2022 года пасля ўварвання Расіі ва Украіну Сусветны банк (СБ) спыніў праграмы супрацоўніцтва з Расіяй і Беларуссю.

17 кастрычніка 2022 года СБ перавёў усе пазыкі МБРР, прадастаўленыя Беларусі або гарантаваныя ёй, у статус неабслугоўваных па прычыне наяўнасці пратэрмінаваных плацяжоў на больш чым шэсць месяцаў па пазыках.

Па стане на 14 кастрычніка 2022 года пратэрмінаваныя плацяжы Беларусі, якія павінен быў атрымаць МБРР, складалі 68,43 млн долараў. Непагашаная асноўная сума па пазыках МБРР — 967 млн долараў.

Падчас выступу ў Сусветнай арганізацыі аховы здароўся (СААЗ) 24 траўня 2022 года кіраўнік Мінздароўся Беларусі Дзмітрый Піневіч заклікаў арганізацыю спрыяць пастаўкам медыкаментаў і медабсталявання ў Беларусь, а таксама прадаўжэнню міжнароднай тэхнічнай дапамогі.

У траўні 2021 года, калі супрацоўніцтва яшчэ ажыццяўлялася, а дапамога прадастаўлялася, Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў СААЗ, Еўрасаюз і ЗША ў тым, яны не дапамаглі прафінансаваць антыкавідныя меры ў Беларусі.

“Апошнія мярзотнікі гэтыя еўрапейцы і амерыканцы. Яны ж нічым не дапамаглі нам, абсалютна. Хоць і СААЗ, і ААН пастаянна заяўляюць, што трэба падтрымаць кагосьці і іншае”, — сказаў ён.

Аднак толькі ў рамках праекта ініцыятывы “Салідарнасць у імя здароўя”, які фінансаваўся Еўрасаюзам, з сакавіка 2020 года па сакавік 2022-га Беларусі было выдзелена 5,3 млн долараў.

Рэанімацыйная служба была істотна мадэрнізаваная за кошт рэалізацыі праекта Сусветнага банка “Экстранае рэагаванне на COVID-19” з фінансавай падтрымкай у памеры 90 млн еўра. Гэты праект дапаўняў доўгатэрміновую падтрымку СБ па ўмацаванні сістэмы аховы здароўя Беларусі, часткай якой быў праект “Мадэрнізацыя сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь”. У рамках гэтай праграмы краіна ў 2017 годзе атрымала пазыку ў памеры 125 млн долараў па запыце ўрада. За 2021 год ПРААН ажыццявіла пастаўку ў нацыянальную сістэму аховы здароўя медыцынскага абсталявання на агульную суму 14,5 млн долараў.

Падзяліцца: