be
Arrow
Мінск 10:06

Аб’яднанне ByPol распаўсюдзіла відэафрагмент, як сцвярджаецца, пачатку атакі на ваенны самалёт А-50 у Мачулішчах

2 сакавіка, BPN. У сувязі з заявамі ў дзяржаўных СМІ аб працаздольнасці расійскага самалёта далёкага радыёлакацыйнага выяўлення А-50, які апошнім часам базаваўся на аэрадроме Мачулішчы пад Мінскам, аб’яднанне былых сілавікоў ByPol даслала BPN фрагмент відэазапісу, на якім, як сцвярджаецца, адлюстраваны пачатак атакі на згаданы ваенны борт.

Відэазапіс цягнецца каля 30 секунд. На ім бачная тэрыторыя аэрадрома, над якой пралятае беспілотнік. У канцы запісу выразна бачны самалёт А-50, які стаіць ля краю ўзлётнай паласы. Дрон-камікадзэ падлятае з боку хваставога апярэння. На гэтым відэазапіс заканчваецца.

Аналагічны відэазапіс з’явіўся ў тэлеграм-канале Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК). Прадстаўнік АПК па аднаўленні законнасці і правапарадку, кіраўнік ByPol Аляксандр Азараў там жа анансаваў публікацыю іншага відэафрагмента.

“Цяпер мы публікуем першы фрагмент, і зусім хутка — наступны. Нам было цікава назіраць за дзеяннямі лукашэнкаўскіх прапагандыстаў: яны некалькі дзён вырашалі, як хлусіць, і выбралі самы няправільны шлях — рабіць выгляд, што нічога не адбылося. Гэтымі ролікамі мы пацвярджаем: сапраўды, “нічога не адбылося”, — адзначыў ён.

Удзень 2 сакавіка тэлеканал “Беларусь 1” выпусціў навінавы сюжэт, у якім сцвярджалася, што А-50 спраўны. “Згодна з баявым графікам, самалёт падняўся з ваеннага аэрадрома Мачулішчы, што пад Мінскам, і ў адпаведнасці з планам здзейсніў планавы аблёт дзяржаўнай мяжы Беларусі ў групе з суправаджэння іншых самалётаў”, — гаварылася ў ім.

У сваю чаргу праект па маніторынгу ваеннай актыўнасці “Беларускі Гаюн” пацвердзіў узлёт, але заявіў, што борт накіраваўся на рамонт у Расію. “Сёння самалёт ДРЛВ А-50У ўзляцеў і адправіўся ў Таганрог на авіярамонтны завод. Відавочна, што калі самалёт ляціць на рамонт, значыць, з ім ужо не ўсё ў парадку”, — адзначана ў паведамленні аўтараў праекта.

ByPol сцвярджае, што для нападу было выкарыстана два дроны кампаніі DJI, “пераабсталяваных у дроны-камкадзэ саматужным спосабам”.

“Кожны дрон нёс зарад 200 г выбуховага рэчыва ў тратылавым эквіваленце. У якасці паражальнага элемента выкарыстаныя металічныя шары з прыкладнай колькасцю 200 шт. на кожны”, — заявіла аб’яднанне былых сілавікоў.

Інфармацыя пра выбухі на аэрадроме ў Мачулішчах з’явілася 26 лютага. Сцвярджалася, што пашкоджаны расійскі вайсковы самалёт А-50.

28 лютага намеснік міністра замежных спраў Юрый Амбразевіч у каментарыі Reuters назваў гэтую інфармацыю фэйкам, аргументаваўшы сваё меркаванне “адсутнасцю афіцыйнай рэакцыі”.

Дзяржаўныя СМІ ігнаравалі гэтую тэму да 1 сакавіка.

Падзяліцца: