Мінск 04:52

Праваабаронцам вядома пра не менш за 33 палітвязняў, якіх пераследуюць за “злоснае непадпарадкаванне” адміністрацыі ПК

Зміцер Дашкевіч
Фота: "Позірк"

22 студзеня, Позірк. На 15 студзеня 2024 года праваабаронцам вядома пра не менш за 33 палітвязняў, супраць якіх распачатыя справы паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі), у дачыненні як мінімум шасцярых гэты артыкул ужываўся двойчы.

Пра гэта 22 студзеня паведаміў у спецыяльнай справаздачы праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Пераслед тых, хто адбывае пакаранне па названым артыкуле, праваабаронцы называюць “адным з галоўных страхаў палітвязняў”, бо ў гэтым выпадку па ініцыятыве адміністрацыі папраўчай калоніі або турмы асуджаным “могуць бясконца дадаваць тэрмін”. “Часта гэта робіцца па надуманых прычынах з мэтай дадатковага ціску на зняволенага”, — адзначаюць праваабаронцы.

Паводле арт. 411 КК зняволеных могуць прыгаварыць да пазбаўлення волі тэрмінам да аднаго года, а за “асабліва небяспечны рэцыдыў” — да двух гадоў, нагадвае “Вясна”.

“У гомельскай жаночай калоніі № 4 рапарты [за непадпарадкаванне] складаюць за тое, што “здзейсніла даклад не па ўстаноўленай форме”; “параўноўвала ўмовы ўтрымання з генацыдам”; “спала, седзячы на падлозе, паклаўшы галаву на тумбу для сядзення”; “была няветлівая з супрацоўнікамі папраўчай установы”, “уступіла ў камунікацыю з іншымі асобамі”; “выконвала фізічныя практыкаванні лежачы на падлозе ў забаронены час, зняўшы вопратку”; “расшпіліла пінжак”; “знішчыла ліст, напісаны дачцэ”; “выйшла ў туалет, не папярэдзіўшы”; “пры адкрыцці дзвярэй камеры не ўстала, не павіталася, не прадставілася”; “адмовілася прыбраць рэчы з батарэі”, — гаворыцца ў справаздачы.

У мужчынскіх калоніях, паводле дадзеных праваабаронцаў, падставай для новага пераследу можа стаць “адмова прыбіраць камеру, туалет або лакальны ўчастак атрада”; “адмова выходзіць на шпацыр у 5:30 раніцы”; “сон на падлозе ў ШІЗА каля батарэі”; “знаходжанне каля стадыёна без курткі і ў красоўках”; “размова з іншымі асуджанымі”; “адмова заняць прызначанае яму месца ў жылой секцыі”.

Выкарыстанне арт. 411 КК, на думку праваабаронцаў, супярэчыць пункту 7 артыкула 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, згодна з якім, “ніхто не павінен быць паўторна асуджаны за адно і тое ж правапарушэнне”.

“У жніўні 2023 года юрысты ПЦ “Вясна” звярнуліся да спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі з нагоды пераследу зняволеных паводле арт. 411 КК. Юрысты яшчэ раз звярнулі ўвагу, што гэты артыкул трэба выключыць з кодэкса, бо прыцягненне да адказнасці паводле арт. 411 КК парушае права чалавека на асабістую свабоду і права не быць судзімым або пакараным двойчы”, — заяўляецца ў дакладзе.

Паводле арт. 411 КК новаму крымінальнаму пераследу падвергліся вядомыя палітвязні Паліна Шарэнда-Панасюк (двойчы), Сяргей Ціханоўскі, Зміцер Дашкевіч.

9 студзеня арганізацыя былых сілавікоў ByPol паведаміла, што новая крымінальная справа за “злоснае непадпарадкаванне” адміністрацыі калоніі №13 (Глыбокае, Віцебская вобласць) будзе распачатая ў дачыненні да Мікалая Статкевіча.

Гл. таксама:

Праваабаронцы дамагаюцца выключэння з КК артыкула аб “непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”

Падзяліцца: