Мінск 20:12

Камітэт ААН зарэгістраваў скаргу на дыскрымінацыю палітзняволенай Шарэнда-Панасюк

Паліна Шарэнда-Панасюк
Фота: сацсеткі Андрэя Шарэнда

8 лютага, Позірк. Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын зарэгістраваў скаргу на сітуацыю з палітзняволенай Палінай Шарэнда-Панасюк.

Дакумент, які падаў яе муж Андрэй Шарэнда, падрыхтавалі юрысты беларускай праваабарончай арганізацыі Respect-Protect-Fulfill (базуецца ў Літве).

Праваабаронцы адзначылі, што Шарэнда-Панасюк “неаднаразова заяўляла пра бесчалавечнае абыходжанне і невыносныя ўмовы ўтрымання” ў следчым ізалятары, пасля прыгавору яе змяшчалі ў штрафны ізалятар і памяшканне камернага тыпу, “яна павінна была насіць жоўтую бірку, якая пазначае схільнасць зняволенага да ўцёкаў” .

Аўтары скаргі просяць камітэт ААН “прызнаць, што Беларусь парушыла Канвенцыю аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын”, паколькі Шарэнда-Панасюк “падчас свайго зняволення падвергнулася дыскрымінацыі паводле прыкметы полу”, “падвяргалася бесчалавечнаму і прыніжальнаму годнасць абыходжанню”.

“Яна не мела доступу да сродкаў гігіены і цёплай вады, ёй даводзілася спаць на халоднай падлозе без пасцельнай бялізны і матраца, ёй блакавалі перапіску і не выдавалі неабходныя медыцынскія прэпараты, — гаворыцца ў паведамленні. — Усё гэта не ўлічвала яе асаблівых патрэбаў і магло ўчыніць негатыўны ўплыў на здароўе жанчыны, у тым ліку рэпрадуктыўнае. Той факт, што за Палінай і яе сукамерніцамі назіралі супрацоўнікі-мужчыны, якія мелі кругласутачны доступ да відэа і бачылі жанчын, пакуль тыя пераапраналіся і хадзілі ў прыбіральню, з’яўляецца неабгрунтаваным умяшаннем у іх асабістае жыццё і парушэннем іх правоў”.

Аўтары скаргі просяць прызнаць парушэнне правоў Шарэнда-Панасюк, прызначыць ёй “адэкватнае кампенсаванне”, а таксама “зрабіць захады па змене ўмоў утрымання жанчын у месцах зняволення ў Беларусі”.

У чэрвені 2021 года суд Маскоўскага раёна Брэста прыгаварыў Шарэнда-Панасюк да двух гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 368 (абраза прэзідэнта) Крымінальнага кодэкса.

У красавіку 2022 года жанчыну прыгаварылі да аднаго года зняволення паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі), у кастрычніку 2023-га — яшчэ да аднаго года паводле таго ж артыкула.

Падзяліцца: