Мінск 21:25

МЗС Беларусі асудзіў Украіну за “бессэнсоўную авантуру” ў Курскай вобласці РФ

Ілюстрацыйнае фота: МЗС Беларусі

10 жніўня, Позірк. “З вялікай трывогай і болем успрымаем падзеі, якія адбываюцца ў апошнія дні ў Курскай вобласці Расійскай Федэрацыі”, — гаворыцца ў апублікаванай 10 жніўня заяве Міністэрства замежных спраў Беларусі.

“Рашуча асуджаем дзеянні ўкраінскіх узброеных фарміраванняў, якія пайшлі на гэтую бессэнсоўную авантуру, якая ўзмацняе жорсткасць канфлікту ў нашым рэгіёне, — заявіла знешнепалітычнае ведамства. — Для нас непрымальныя атакі на грамадзянскае насельніцтва, мірныя вёскі і гарады, мэтанакіраванае пашкоджанне інфраструктуры, акты тэрору”.

Сцвярджаецца, што “ўсе гэтыя дзеянні ўкраінскі бок робіць на фоне заяў свайго палітычнага кіраўніцтва пра гатоўнасць да перамоваў”. “На самой жа справе такія вылазкі і эскалацыя толькі аддаляе перспектывы іх аднаўлення і спынення канфлікту, да чаго нязменна заклікае беларускі бок”, — адзначыў МЗС.

Ведамства выказала “паддзею і салідарнасць з жыхарамі Курскай вобласці”, спачуванні “сем’ям і блізкім загінулых”.

Варта адзначыць, што атакі на цывільных, мірныя паселішчы, а таксама іншыя агрэсіўныя дзеянні з боку Расіі, якая развязала поўнамаштабную вайну супраць Украіны ў лютым 2022 года, МЗС Беларусі не асуджала. Мінск у гэтым канфлікце ўсяляк падтрымлівае Маскву.

У ноч на 6 жніўня ўкраінскія войскі зайшлі на тэрыторыю Курскай вобласці РФ, на працягу наступных дзён прасунуліся на некалькі дзясяткаў кіламетраў углыб. Яны ўзялі пад кантроль шэраг населеных пунктаў, пачалі ўмацоўваць пазыцыі.

10 жніўня Расія абвясціла “рэжым контртэрарыстычнай аперацыі”.

У гэты ж дзень Аляксандр Лукашэнка ўпершыню публічна згадаў сітуацыю ў Курскай вобласці. Ён таксама абвінаваціў Узброеныя сілы Украіны ў парушэнні паветранай прасторы Беларусі, заявіў, што беларускія войскі збілі ў небе краіны некалькі цэляў, і прыгразіў адказам. Неўзабаве пасля гэтага міністр абароны Віктар Хрэнін паведаміў журналістам, што Беларусь праз гэтае здарэнне ўзмацняе групоўкі войскаў на мяжы з Украінай.

“Мы расцэньваем гэта як правакацыю ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь, — заявіў чыноўнік. — Улічваючы абстаноўку, якая складваецца ва Украіне, а таксама ў Курскай вобласці Расіі, галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі аддаў указанні на ўзмацненне групоўкі войскаў на Гомельскім і Мазырскім тактычных напрамках з мэтай рэагавання на любыя магчымыя правакацыі”.

Напрыканцы чэрвеня беларускія ўлады абвінавацілі Украіну ў актывізацыі выведніцкай дзейнасці, перамяшчэнні да мяжы баявых падраздзяленняў. Мінск дэманстратыўна ўзмацніў ахову мяжы, выступіў з пагрозамі на адрас Кіева.

У сярэдзіне ліпеня Лукашэнка даручыў вярнуць войскі з паўднёвай мяжы ў месцы сталай дыслакацыі, бо, як ён патлумачыў пазней, вайскоўцы далі рады сітуацыі “дыпламатычнай мовай”.

Расійская прапаганда тады абвінаваціла Лукашэнку ў здрадзе, паколькі, як сцвярджалася, вызваленыя ўкраінскія войскі былі перакінутыя з паўночнага кірунку на фронт.

Паводле сцвярджэння расійскіх праўладных рэсурсаў, сярод украінскіх войскаў, якія зайшлі на тэрыторыю Курскай вобласці, былі і тыя, што знаходзіліся на мяжы з Беларуссю ў перыяд напружанасці. Лукашэнку папракнулі ў тым, што заход УСУ стаў магчымы ў тым ліку праз яго рашэнне.

Падзяліцца: