Мінск 23:56

Развіццё стасункаў адпавядае інтарэсам народаў Беларусі і Азербайджана, лічыць Лукашэнка

Баку
Ілюстрацыйнае фота: wikimedia.org

26 жніўня, Позірк. Рэалізацыя “маштабных планаў па нарошчванні ўсяго комплексу” стасункаў Беларусі і Азербайджана “ў поўнай меры адпавядае інтарэсам брацкіх народаў”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 26 жніўня з 60-годдзем Мехрыбан Аліеву — азербайджанскага першага віцэ-прэзідэнта і жонку кіраўніка дзяржавы Ільхама Аліева.

Віншавальнік, словы якога перадае яго прэс-служба, шануе “дасягнуты ўзровень партнёрства паміж Мінскам і Баку”, адзначаны “высокай ступенню ўзаемнага даверу, шчыльнымі кантактамі ў розных галінах і вялікай стратэгічнай значнасцю”.

Азербайджан, з якім рэжым Лукашэнкі імкнецца ўмацоўваць стасункі, фактычна з’яўляецца ворагам Арменіі — фармальнага саюзніка Мінска па Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) і партнёра па Еўразійскім эканамічным саюзе.

Ерэван замарозіў удзел і не выключыў магчымасці выхаду з АДКБ, абвінаваціўшы арганізацыю ў бяздзейнасці падчас карабахскага канфлікту, а асобных членаў — у тым, што яны “планавалі вайну” супраць Арменіі разам з Азербайджанам. Акрамя таго, прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заявіў, што ні ён, ні які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе ў Мінску знаходзіцца Лукашэнка — праз заявы апошняга пра згаданы канфлікт на сустрэчы з Аліевым у сярэдзіне траўня.

Пасля чарговых антыармянскіх заяў Лукашэнкі ў інтэрв’ю тэлеканалу “Расія” каля беларускай амбасады пад Ерэванам 21 жніўня адбылася акцыя пратэсту, падчас якой дыпмісію закідалі яйкамі, памідорамі, бульбай. Армянскія палітыкі прапанавалі разарваць дыпламатычныя стасункі з Беларуссю.

Падзяліцца: