Мінск 17:38

Кітай прадаставіць Беларусі 300 млн юаняў для рэалізацыі ўзгодненых праектаў

Фота: "Позірк"

20 верасня, Позірк. 300 млн юаняў (42,6 млн долараў) прадаставіць Кітай Беларусі ў якасці тэхніка-эканамічнай дапамогі “для рэалізацыі праектаў, узгодненых бакамі”, вынікае з адпаведнага міжурадавага пагаднення.

Дакумент апублікаваны 20 верасня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Адзначаецца “што “канкрэтныя пытанні будуць замацаваныя ў пагадненнях, якія падпісваюцца асобна”. Пры гэтым ААТ ААБ “Беларусбанк” і Дзяржаўны банк развіцця Кітая “сумесна адкрыюць на імя іншага боку беспрацэнтныя і бескамісійныя рахункі ў кітайскіх юанях для тэхніка-эканамічнай дапамогі”. Пры яе выкарыстанні “парадак вядзення рахункаў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі” згаданага дзяржбанка КНР.

Названыя ў пагадненні банкі павінны “рэгулярна даваць справаздачу перад урадамі дзвюх краін аб выкарыстанні сродкаў названага рахунку”.

Пагадненне падпісана ў Мінску 14 жніўня 2024 года і ўступіла ў сілу ў той жа дзень. Падпісанты не ўказваюцца.

Візіт у Беларусь прэм’ера Дзяржсавета КНР Лі Цяна праходзіў 22–23 жніўня.

У адпаведнасці з апошнім пунктам падпісанага прэм’ерамі дзвюх краін сумеснага камюніке, ў ходзе візіту “бакі падпісалі дакументы аб супрацоўніцтве, якія прадугледжваюць сумеснае будаўніцтва ў рамках ініцыятывы “Пояс і Шлях”, у галіне эканомікі і гандлю, навукі і тэхнікі, прамысловасці, адукацыі і іншых галінах”.

Падзяліцца: