be
Arrow
Мінск 22:12

Кіеў не развівае стасункі з Ціханоўскай праз “невыразную антываенную актыўнасць апазіцыі” — дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны

13 лютага, BPN. Украіна не бачыць сэнсу развіваць стасункі з беларускім дэмакратычным лідарам Святланай Ціханоўскай, бо не бачыць “выразнай антываеннай актыўнасці з боку апазіцыі”, заявіў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк у інтэрв’ю парталу навін Delfi.

Пад актыўнасцю Падаляк разумее “нейкія маштабныя маніфестацыі, нават не ў самой Беларусі, а каля беларускіх пасольстваў іншых краін”.

“Пра сустрэчу з Ціханоўскай, пры ўсёй павазе, а якая каштоўнасць гэтай сустрэчы? — задаўся ён пытаннем. — Зяленскі фармуе глабальны парадак дня, але ён не можа фармаваць лакальныя, рэгіянальныя парадкі ў кожнай краіне. Наконт беларускай апазіцыі, мне здаецца, ім сёння трэба вызначыцца, хто ў іх сапраўды можа ўплываць на беларускае грамадства, і тады ўжо будзем разглядаць магчымасць сустрэчы”.

“З іншага боку, у [Аляксандра] Лукашэнкі бачым разуменне таго, як гэтая вайна развіваецца. Для яго максімальна небяспечна ў гэтай вайне браць яшчэ больш актыўны ўдзел, чым ён бярэ цяпер”, — дадаў Падаляк.

Ён падкрэсліў, што калі б “Украіна абрынулася за тры дні”, прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін ажыццявіў бы план “падпарадкаваць сабе былую савецкую прастору, у тым ліку з прамымі ўварваннямі”.

“Думаю, што і краіны Балтыі падвергнуліся б нападу, і Малдова абавязкова, падвергся б нападу і паўночны Казахстан. Можам узяць і іншыя краіны, напрыклад Арменія, Грузія, Беларусь — яны хутчэй за ўсё вярнулася б да канцэпцыі Савецкага Саюза 2.0. Гэта значыць, усе гэтыя дзяржавы кантраляваліся б Крамлём, а палітычны фармат іх ладу стаў фармальнай рэспублікай з падпарадкаваннем маскоўскаму цэнтру. Адначасова Расія змяніла б мадэль паводзінаў у Еўропе – запатрабавала б ультыматыўна яшчэ тэрыторыі”, — сказаў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны.

Летась у чэрвені Падаляк неадназначна адказаў парталу “Зеркало”, чаму Зяленскі не сустракаўся з Ціханоўскай да вайны, якую падтрымаў рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Ва Украіне, сцвярджаў ён, “не зусім разумелі пазіцыю Святланы Ціханоўскай па шэрагу пытанняў, якія датычацца Расіі”. Падаляк адзначыў, што падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года некаторыя яе заявы, “мякка кажучы, нічым не адрозніваліся ад выказванняў афіцыйнага Мінска, а ў некаторых аспектах былі нават больш прарасійскімі”. Акрамя таго, ён заявіў, што ўкраінскія ўлады не чуюць “выразных ацэнак поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну”, не бачаць “пэўных дзеянняў супраць удзелу Беларусі ў гэтай вайне”.

Праз гэтыя выказванні на Падаляка абрынулася хваля крытыкі, бо Ціханоўская неаднаразова адкрыта асуджала Крэмль і афіцыйны Мінск за агрэсію супраць Украіны, а ў Беларусі з пачатку вайны ўзнік антываенны рух — ад акцый пратэсту да партызанскіх акцый на чыгунцы, праз якія ў краіне пашырылі падставы для прымянення смяротнага пакарання.

Летась у верасні Ціханоўская сустрэлася ў Вільнюсе з Аляксеем Арастовічам, які на той момант быў пазаштатным дарадцам, дэ-факта спікерам офіса Зяленскага. Бакі абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі і саўдзел яе ўлад у вайне РФ супраць Украіны.

У кастрычніку Ціханоўская выступіла са зваротам да Зяленскага, у якім заявіла, што створаны па яе ініцыятыве Аб’яднаны пераходны кабінет гатовы да супрацоўніцтва з Украінай і ўсталявання дыпламатычных і палітычных адносін. Ціханоўская заявіла, што разумее, чаму афіцыйны Кіеў пазбягае кантактаў з дэмсіламі, але ўзаемаадносіны трэба выбудоўваць, паколькі “ў Украіны не можа быць агульнай будучыні з рэжымам Лукашэнкі”.

Публічнага адказу на гэтую прапанову не было.

У лістападзе кіраўнік міжфракцыйнага аб’яднання дэпутатаў Вярхоўнай Рады Украіны “За дэмакратычную Беларусь” Аляксей Ганчарэнка (фракцыя “Еўрапейская салідарнасць” Пятра Парашэнкі) заявіў у каментарыі BPN, што сустрэча Зяленскага і Ціханоўскай “не з’яўляецца прыярытэтам”.

Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь удзельнічае ў “спецыяльнай ваеннай аперацыі”, усяляк падтрымліваючы Расію, але “нікога не забіваючы”. Гэтым тэрмінам расійскае, а ўслед за ім і беларускае кіраўніцтва называюць поўнамаштабную вайну супраць украінскага народа, якую РФ пачала 24 лютага 2022 года. Разам з тым часам Лукашэнка наўпрост называе развязаны Расіяй канфлікт вайной.

Улады ў Мінску адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяннях на баку РФ, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварвання, а таксама ў асобныя перыяды пазней актыўна выкарыстоўвалася расійскай арміяй для нанясення ўдараў па Украіне.

Падзяліцца: