be
Arrow
Мінск 11:42

Украіна асудзіла сустрэчу Лукашэнкі з Пушыліным і выклікала свайго амбасадара для кансультацый

19 красавіка, BPN. Правядзенне Аляксандрам Лукашэнкам сустрэчы 18 красавіка ў Мінску з кіраўніком “данецкай народнай рэспублікі” Дзянісам Пушыліным з’яўляецца “спробай легітымізацыі гэтага прадстаўніка расійскай акупацыйнай адміністрацыі ў Данецку”, гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных спраў Украіны.

“Лічым сустрэчу з прадстаўніком расійскай акупацыйнай адміністрацыі, які хаваецца ад украінскага следства за ўчыненне цяжкіх злачынстваў і знаходзіцца пад украінскімі і міжнароднымі санкцыямі, чарговым і абуральным недружалюбным актам з боку Рэспублікі Беларусь, накіраваным на падтрымку дзяржавы-агрэсара РФ”, — гаворыцца ў рэлізе.

У сувязі з гэтым знешнепалітычнае ведамства прыняло рашэнне выклікаць амбасадара Украіны ў Беларусі Ігара Кізіма для кансультацый.

Кіеў лічыць, што Мінск “павінен утрымлівацца ад падобных дэструктыўных крокаў і спыніць падтрымку агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны”.

27 ліпеня 2022 года Пушылін прыязджаў у Брэст і сустракаўся з прадстаўнікамі мясцовай улады.

У пачатку гэтага года Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу дэ-факта прызнаў сепаратысцкія ўтварэнні “ДНР” і “ЛНР”. 6 студзеня на сайце верхняй палаты беларускага парламента з’явіўся прэс-рэліз, з якога вынікала, што член СР НС Дзмітрый Баскаў “прыняў удзел у акцыі фонду [паралімпійца] Аляксея Талая па арганізацыі знаходжання школьнікаў з Данецкай і Луганскай рэспублік у Мінску ў перыяд зімовых школьных канікулаў “.

Беларускія ўлады дэ-юрэ не прызналі незалежнасць “ДНР” і “ЛНР”, роўна як іх “далучэнне” да Расіі пасля “рэферэндумаў”, пры гэтым афіцыйны Мінск ухваляе агрэсію РФ супраць Украіны.

Летась увосень Лукашэнка дэ-факта прызнаў незалежнасць Абхазіі, наведаўшы яе без дазволу ўладаў Грузіі. Пазней у Мінск прыязджаў кіраўнік гэтага квазідзяржаўнага ўтварэння Аслан Бжанія.

Падзяліцца: