be
Arrow
Мінск 11:58

Спікер парламента Эстоніі: Для ўсёй Еўропы вельмі важна, каб у Беларусі развівалася дэмакратыя

15 чэрвеня, BPN. Развіццё дэмакратыі ў Беларусі вельмі важнае не толькі для Эстоніі, але і для ўсёй Еўропы, заявіў на сустрэчы з дэмакратычным лідарам Святланай Ціханоўскай 15 чэрвеня ў Таліне старшыня эстонскага парламента Лаўры Хусар, паведамляе прэс-служба заканадаўчага органа.

Спікер запэўніў Ціханоўскую, што Эстонія па-ранейшаму “шчыра падтрымлівае дэмакратычную і свабодную Беларусь”, а таксама яе дэмакратычную апазіцыю, з якой парламент гатовы да цеснага супрацоўніцтва.

Хусар падкрэсліў “важнасць свабоднай і дэмакратычнай Беларусі для забеспячэння міру і стабільнасці ў рэгіёне”. Ён адзначыў, што будучыня Еўропы і Беларусі “шмат у чым залежыць ад таго, чым скончыцца вайна Расіі ва Украіне”, і падкрэсліў важнасць украінскай перамогі.

Ціханоўская “падзякавала Эстоніі за рашучыя крокі, зробленыя на падтрымку Беларусі, але выказала надзею на яшчэ большую міжнародную падтрымку.”

Бакі абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі, “асаблівая ўвага надавалася размяшчэнню расійскай ядзернай зброі, становішчу палітзняволеных і дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей Расіяй пры садзейнічанні рэжыму Лукашэнкі”.

Ціханоўская сустрэлася таксама з міністрам замежных спраў Эстоніі Маргусам Цахкнай. Кіраўнік МЗС зазначыў, што Эстонія “працягне падтрымліваць дэмакратычныя памкненні беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, каб парушэнні правоў чалавека і міжнароднага права не заставаліся незаўважанымі”.

Падзяліцца: