Мінск 20:09

Лукашэнка заявіў, што Мінск дапамог “накарміць Зімбабвэ”, і параіў Сербіі вызначыцца з палітыкай па Беларусі

Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў Зімбабвэ на пачатку 2023 года
Фота: прэс-служба прэзідэнта Зімбабвэ

20 лістапада, Позірк. Кітай і Зімбабвэ з’яўляюцца “надзвычай важнымі” краінамі для Беларусі, заявіў Аляксандр Лукашэнка 20 лістапада ў Мінску новапрызначаным амбасадарам у гэтыя краіны — Аляксандру Чарвякову і Ігару Маршалаву адпаведна.

Паводле інфармацыі прэс-службы Лукашэнкі, ён адзначыў, што стасункі Мінска з Пекінам ужо “выбудаваныя па асноўных кірунках”, “вызначаныя кантакты”, а таму новы амбасадар будзе працаваць не на “голым месцы”. Беларусі ў Кітаі, паводле яго слоў, дапамагаюць “і тэхналагічна — самымі высокімі тэхналогіямі, і ў фінансавым дачыненні”.

Беларусь, таксама заявіў ён, спрыяла таму, што “ў Зімбабвэ накармілі нарэшце хлебам людзей”. Цяпер Мінск прапануе “дапамагчы Мазамбіку”.

Звяртаючыся да новага амбасадара ў Сербіі і па сумяшчальніцтве ў Паўночнай Македоніі Сяргея Маліноўскага, Лукашэнка адзначыў, што Бялграду трэба “разабрацца ў той палітыцы”, якую ён “праводзіць і жадае правадзіць у дачыненні да Беларусі”.

“Калі яны хочуць [супрацоўнічаць з Беларуссю], павінен быць вынік у гандлёва-эканамічных стасунках, — сказаў ён. — Калі яны хочуць віляць хвастом, груба кажучы, і падтрымліваць еўрапейска-амерыканскія санкцыі супраць Беларусі, гэта іх праца, няхай вызначаюцца і падтрымліваюць, калі яны забыліся на тое дабро, з якім мы ішлі да іх”.

“Калі Захад і Амерыка не хочуць з намі супрацоўнічаць, добра — будзем “вартаваць” свае амбасады там, дзе гэта трэба. <…> А асноўных дыпламатаў мы мусім перакінуць на тыя кірункі, дзе мы бачым рух. У нас па многіх краінах ёсць рух, мы супрацоўнічаем з многімі краінамі. Трэба іх узмацняць”, — дадаў Лукашэнка.

Падзяліцца: