Мінск 08:34

Кіраўнік МЗС Эстоніі асудзіў вета Расіі і Беларусі на старшынства сваёй краіны ў АБСЕ

Фота: старонка Маргуса Цакхны ў "Твітары"

21 лістапада, Позірк. Міністр замежных спраў Эстоніі Маргус Цакхна асудзіў накладзенае Расіяй і “па яе ініцыятыве Беларуссю” вета на старшынства сваёй краіны ў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) у 2024 годзе.

Кіраўнік эстонскага МЗС заявіў, што “праз Расію і Беларусь мы цяпер аказаліся ў сітуацыі, калі ўсяго за шэсць тыдняў да Новага года АБСЕ не мае пацверджанага старшынства, хоць Эстонія з’яўляецца адзіным кандыдатам ад Еўрапейскага саюзу з 2020 года”.

Цакхна падкрэсліў, што “паколькі сваёй крывавай агрэсіўнай вайной Расія парушае ўсе асноўныя прынцыпы АБСЕ, недапушчальна падпарадкоўвацца патрабаванням і шантажу Масквы, у тым ліку яе жаданні, каб наступная краіна, якая будзе старшынстваваць у АБСЕ, не была членам НАТО”. Палітык заклікаў ізаляваць РФ на міжнароднай арэне “замест таго, каб шукаць рашэнні, якія дагадзілі б Маскве”.

21 лістапада на пасяджэнні пастаяннага савета АБСЕ ў Вене Расія і Беларусь наклалі вета на зацвярджэнне Эстоніі ў якасці старшыні арганізацыі ў 2024 годзе. Паколькі рашэнні ў АБСЕ прымаюцца кансэнсусам, абраць гэтую краіну Балтыі не ўдалося.

На наступным тыдні ў Паўночнай Македоніі, якая цяпер старшынюе ў АБСЕ, чакаецца сустрэча міністраў замежных спраў краін арганізацыі, дзе пытанне старшынства зноў будзе ўключана ў парадак дня.

АБСЕ, якая аб’ядноўвае 57 дзяржаў-удзельніц з Паўночнай Амерыкі, Еўропы і Азіі, з’яўляецца найбуйнейшай у свеце рэгіянальнай арганізацыяй, якая займаецца пытаннямі бяспекі. Як сцвярджаецца на сайце арганізацыі, яна працуе “ў імя стабільнасці, міру і дэмакратыі ў інтарэсах больш чым аднаго мільярда чалавек, ажыццяўляючы палітычны дыялог па пытаннях агульных каштоўнасцяў і практычную дзейнасць, накіраваную на тое, каб зрабіць наш свет лепшым”.

АБСЕ служыць форумам для палітычнага дыялогу па шырокаму колу пытанняў бяспекі і платформай для сумеснай дзейнасці па паляпшэнні жыцця людзей і іх супольнасцяў. Арганізацыя выкарыстоўвае “ўсёабдымны падыход да бяспекі, які ахоплівае ваенна-палітычнае, эканоміка-экалагічнае і чалавечае вымярэнні” і “садзейнічае пераадоленні адрозненняў і фарміраванні даверу паміж дзяржавамі шляхам супрацоўніцтва ў прадухіленні канфліктаў, рэгуляванні крызісаў і постканфліктным аднаўленні”.

Падзяліцца: