Мінск 05:50

Урад патрабуе рэгістраваць нават грамадзянскія дроны масай менш за 150 г

Фота мае ілюстрацыйны характар
Крыніца: pexels.com / Alex Shulgin

30 снежня, Позірк. У Беларусі рэгістрацыі падлягаюць нават грамадзянскія беспілотныя лятучыя апараты (у беларускім заканадаўстве — БЛА) лягчэйшыя за 150 грамаў, вынікае з палажэння аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі БЛА, зацверджанага пастановай Савета міністраў № 972 ад 28 снежня.

У дакуменце, апублікаваным 30 снежня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, апісаныя сем класаў дронаў, якія падлягаюць рэгістрацыі, адрозных характарыстыкамі.

Да самага прымітыўнага класа С0 аднесеныя электрычныя БЛА з максімальнай узлётнай масай (сума мас апарата, карыснай нагрузкі, паліва ці элемента сілкавання) менш за 150 г, максімальнай хуткасцю гарызантальнага палёту 19 м/с, 100-метровым абмежаваннем уздыму ад кропкі ўзлёту, здольныя лётаць па-за межамі прамой бачнасці, а таксама ў аўтаматычным рэжыме — не далей за 50 м ад аператара.

Беспілотнікамі найболей прасунутага класа C6 лічацца апараты з максімальнай узлётнай масай меней 30 кг і габарытамі не больш за 3 м, максімальнай гарызантальнай хуткасцю не больш за 50 м/с, сігнальнымі агнямі, унікальным серыйным нумарам і магчымасцю аддаленай ідэнтыфікацыі, бяспечным кіраваннем у выпадку адмовы сістэм, з функцыямі абмежавання палёту ў забароненай зоне, папярэджання пра нізкі узровень зарада, аднаўлення канала сувязі ці спынення палёту пры спробе перахопу кіравання. БЛА гэтага класа павінны паведамляць аператару пра сваё месцазнаходжанне, хуткасць і вышыню палёту, мець абмежавальнік выхаду за межы вызначанай ім зоны, незалежную сістэму спынення палёту, магчымасць праграмавання траекторыі ды інш.

Характарыстыкі апаратаў С1–С5 знаходзяцца ў межах магчымасцяў апісаных вышэй гранічных класаў.

Паўнамоцтвы па рэгістрацыі БЛА ўскладзеныя на Дэпартамент па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый.

22 снежня Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытанні, а Савет Рэспублікі ўхваліў папраўкі да Паветранага кодэкса, якія забараняюць выкарыстанне няўлічаных беспілотнікаў.

25 верасня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 297, які сярод іншага забараняе фізічным асобам увозіць, захоўваць, ажыццяўляць абарот, эксплуатаваць і вырабляць грамадзянскія беспілотныя лятучыя апараты.

На працягу паўгода ад моманту апублікавання ўказа фізічныя асобы могуць прадаць свае беспілотнікі арганізацыям, індывідуальным прадпрымальнікам або перадаць іх на захоўванне “ва ўпаўнаважаную арганізацыю, вызначаную ўрадам”.

13 снежня Беларускі Чырвоны Крыж заявіў пра гатоўнасць “прыняць ад насельніцтва ў якасці ахвяравання” беспілотнікі “для іх далейшай эксплуатацыі пры рэагаванні на надзвычайныя сітуацыі”.

У выніку атакі дрона 26 лютага на аэрадроме ў Мачулішчах (Мінскі раён) атрымаў пашкоджанні і быў адпраўлены на рамонт у РФ дарагі расійскі вайсковы самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення А-50.

7 сакавіка, тлумачачы прычыны здарэння, Лукашэнка заявіў, што сістэмы СПА не змаглі выявіць дорн з выбухоўкай, паколькі ён быў “маленькі”.

Падзяліцца: