Мінск 19:07

Лукашэнка часова павысіў мытныя пошліны на шампуні з “краін англасаксонскай групы” больш чым у пяць разоў (дапоўнена)

Ілюстратыўнае фота: pixabay.com

дададзены чацвёрты абзац і далей

12 студзеня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка 12 студзеня падпісаў указ № 16 “Аб часовым устанаўленні ставак увазных мытных пошлін”, паведамляе яго прэс-служба.

Дакументам па 30 чэрвеня ўключна ўстаноўлены павышаныя стаўкі ўвазных мытных пошлін (35% ад мытнага кошту) на шампуні, сродкі для валасоў і сродкі для чысткі зубоў, якія паходзяць з “краін англасаксонскай групы (ЗША, Вялікабрытанія, Канада, Аўстралія, Новая Зеландыя)”.

Указ, паводле версіі прэс-службы Лукашэнкі, “скіраваны на абарону эканамічных інтарэсаў Беларусі і стварае ўмовы для замяшчэння адпаведнага імпарту таварамі, вырабленымі ў ЕАЭС”.

У адзінай таварнай наменклатуры знешнеэканамічнай дзейнасці Еўразійскага эканамічнага саюза сродкі для чысткі зубоў і сродкі для валасоў адносяцца да 33-й групы тавараў, на якія распаўсюджваецца стаўка ўвазной мытнай пошліны (у працэнтах ад мытнага кошту або ў еўра, або ў доларах ЗША) — 6,5%.

Такім чынам, стаўкі пошліны павышаны прыкладна ў 5,4 раза.

У Беларусі дзейнічае забарона на імпарт і рэалізацыю ў Беларусі асобных катэгорый тавараў з “недружалюбных краін”

Згодна з пастановай Савета міністраў № 934 ад 26 снежня 2023 года, яна працягнута да канца 2024 года. Гэты ж дакумент дазваляе ўвозіць яблыкі з “недружалюбных краін” з 1 красавіка па 31 ліпеня 2024 года.

Пастанова падаўжае дзеянне асноўных палажэнняў пастановы Саўміна № 700 ад 6 снежня 2021 года “Аб прымяненні спецыяльных мер адносна асобных відаў тавараў”. Контрсанкцыі былі прыняты на падставе ўказа № 128 ад 30 сакавіка 2021 года для “забеспячэння абароны нацыянальных інтарэсаў” Беларусі.

“Спецыяльныя меры” датычацца прадукцыі шэрагу еўрапейскіх вытворцаў, у тым ліку касметычнай прадукцыі. Забаронены гандаль таварамі груп кампаній Liqui Moly, Škoda Auto і Beiersdorf (гандлёвыя маркі Nivea, Eucerin, La Prairie, Labello, Hansaplast, Florena, 8×4, Skin Stories, Gammon, Tesa, Chaul, Coppertone, Hidrofugal, Stop the water while using me).

Падзяліцца: