Мінск 08:43

Кубракоў дапусціў прымяненне амністыі да асуджаных за “экстрэмізм”, калі “чалавек раскаяўся”

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

13 студзеня, Позірк. З супярэчлівымі заявамі пра магчымасць прымянення амністыі да асуджаных па палітычна матываваных справах выступіў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў у праграме “Пытанне нумар адзін”, якая выйшла 13 студзеня на тэлеканале “Беларусь 1”.

Паводле яго слоў, на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі 11 студзеня МУС выступіла з “адназначнай прапановай” — не прымяняць магчымую амністыю 2024 года ў дачыненні да “асоб, што асуджаныя за экстрэмізм і тэрарызм” (так улады ў апошнія гады кваліфікуюць “палітычныя” справы).

Кубракоў заявіў, што “шанцаў было дадзена вельмі шмат, пачынаючы ад заявы — звярнуцца да кіраўніка дзяржавы аб памілаванні”, а “самае галоўнае ў рашэнні па прымяненні амністыі, каб людзі ўсвядомілі, што яны здзейснілі, і выправіліся”.

“Але мы бачым, пэўная катэгорыя асоб… яны не ўсвядомілі тое, што яны здзейснілі, што яны зламалі чалавечыя лёсы. У тым ліку тыя, якія знаходзяцца сёння за мяжой, — сцвярджае міністр. — Бо на самой справе яны зламалі вельмі шмат лёсаў, у тым ліку тыя, хто сёння адбывае пакаранне. Яны паддаліся тым абяцанням лялькаводаў, якія знаходзяцца за мяжой, і гэтак далей. Таму на сённяшні дзень мы цудоўна бачым, што ў нашай краіне мір і парадак забяспечаны, толькі таму што сёння мы працуем і кантралюем усе напрамкі”.

“Што да экстрэмізму, вы ўсё выдатна разумееце, што гэта страшнае злачынства. Таму мы катэгарычна супраць таго, каб да гэтай катэгорыі грамадзян прымяняць амністыю. <…> Але хачу сказаць, прэзідэнт падкрэсліў: там, дзе грамадзяне, у тым ліку якія асуджаныя за экстрэмізм, у індывідуальным парадку, калі чалавек раскаяўся, так, амністыя можа быць прымененая. Таму гэта пытанне яшчэ будзе прапрацавана дадаткова. Калі сапраўды мы ўбачым гэтую шчырасць, што людзі раскайваюцца, чаму не — у індывідуальным парадку гэта магчыма”, — дадаў Кубракоў.

Патэнцыйную амністыю 2024 года прапанавана прымеркаваць да 80-годдзя вызвалення БССР ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Лукашэнка даручыў падысці да яе “нетрадыцыйна”. Мяркуецца, што сярод іншых пад яе могуць трапіць асуджаныя за асабліва цяжкія злачынствы, у тым ліку забойства.

Папярэдні акт амністыі быў прымеркаваны да “дня народнага адзінства”. Адпаведны дакумент быў прыняты напрыканцы 2022 года, дзейнічаў да 10 чэрвеня 2023 года. Яшчэ на этапе абмеркавання чыноўнікі далі зразумець, што амністыя не закране асуджаных па палітычных матывах.

Падзяліцца: