Мінск 08:04

Дэпутаты сейма Літвы атрымалі ліст з пагрозамі нібыта ад “беларусаў, якія не жывуць у сябе на радзіме”

Фота: прэс-служба сейма Літвы

14 студзеня, Позірк. Некалькі дэпутатаў сейма Літвы атрымалі па электроннай пошце ліст з пагрозамі ў сувязі з праводзімай палітыкай у дачыненні да беларусаў, якія пражываюць у краіне, паведаміў 14 студзеня партал навінаў Delfi.

Ліст напісаны на літоўскай мове з вялікай колькасцю памылак, характэрных пры перакладзе з дапамогай інтэрнэт-сервісаў, адзначаецца ў публікацыі.

Аўтары называюць сябе “беларусамі, якія не жывуць у сябе на радзіме, не падтрымліваюць дзейную ўладу Беларусі, не падтрымліваюць Ціханоўскую і яе прыхільнікаў”.

“Мы заўсёды з павагай ставіліся да нашых суседзяў (украінцаў, палякаў, літоўцаў і латышоў). Аднак цяпер палітыка ў дачыненні да беларусаў, якія жывуць у Літве, непрымальная. Вы, напэўна, забыліся гісторыю, таму нагадваем, што ў XIX стагоддзі ў 56% жыхароў віленскага краю роднай мовай была беларуская, а ў 17% — літоўская мова. У пачатку ХХ стагоддзя Вільнюс быў цэнтрам беларускага нацыянальнага адраджэння. Тую ж ролю ён адыграў і для літоўцаў”, — гаворыцца ў лісце.

Аўтары звяртаюць увагу ,што “ў 1918 годзе, калі была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, у яе быў уключаны і Вільнюс”. Сцвярджаецца, што літоўскія дэпутаты павінны памятаць гістарычныя факты і “правільна ацэньваць рашэнні, якія яны прымаюць у дачыненні да беларусаў”.

“Хочам вас папярэдзіць, што нас шмат і ў нас ужо ёсць баявыя навыкі. Калі ваш урад працягне праводзіць агрэсіўную палітыку ў дачыненні да беларусаў, абяцаем, вы пра гэта пашкадуеце. У Літве і за яе межамі ёсць нашы баявыя браты, якія могуць дапамагчы вярнуць Вільнюс Беларусі, калі ўзнікне вялікая неабходнасць. Нам спатрэбіцца аб’яднаць сотні тысяч беларусаў для абароны інтарэсаў нацыі”, — прыводзіць літоўскі партал тэкст ліста.

Дэпутат Агне Шырынскене, якая атрымала паведамленне, у каментары Delfi нагадала, што гэта не першая рассылка такога кшталту: “Можа быць, ужо трэцяя. Гэтыя лісты ўжо сталі практыкай”, — сказала палітык.

У верасні 2023 года паведамлялася, што некалькі дэпутатаў сейма атрымалі лісты з пагрозамі ад імя беларускага добраахвотніцкага батальёна “Тэрор”, які ваюе ва Украіне супраць РФ. У паведамленні, напісаным па-руску, выказваўся пратэст супраць рашэння не прадастаўляць палітычны прытулак актывістцы, кіраўніку міжнароднага цэнтра грамадзянскіх ініцыятыў “Наш дом” Вользе Карач.

Аўтары прыгразілі літоўскім парламентарыям і іх сем’ям “радыкальнымі мерамі”, калі хадайніцтва Карач не будзе задаволена.

Батальён “Тэрор” абверг сваё дачыненне да ліста.

У красавіку мінулага года стала вядома, што некаторыя літоўскія парламентарыі атрымалі ліст з пагрозамі ад імя ўзначаленай Карач арганізацыі “Наш дом”.

Ліст утрымліваў пагрозы і патрабаванне выключыць грамадзян Беларусі з законапраекта, які прадугледжваў абмежаванні ў легалізацыі ў Літве.

“Наш дом” таксама зняпраўдзіў сваё дачыненне да ліста, назваўшы яго “фэйкам” з мэтай “дыскрэдытацыі арганізацыі ў вачах дэпутатам літоўскага сейма”.

Падзяліцца: