Мінск 19:48

Генпракурор: Законапраект аб пакаранні за прапаганду “нетрадыцыйных сямейных адносін” знаходзіцца на ўзгадненні

19 лютага, Позірк. У Беларусі “па ініцыятыве органаў пракуратуры” падрыхтаваны законапраект, які прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць за прапаганду “нетрадыцыйных сямейных адносін”, паведаміў генеральны пракурор Андрэй Швед 9 лютага на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі.

Дакумент будзе ўстанаўліваць адміністрацыйную адказнасць за прапаганду “ненармальных адносін, педафіліі, добраахвотнай адмовы ад нараджэння дзяцей”. “Гэты праект зараз праходзіць працэдуру ўзгаднення”, — цытуюць Шведа дзяржСМІ.

Ён адзначыў, што па ініцыятыве пракуратуры таксама прыняты “пэўныя рашэнні, якія датычацца мер медыцынскага характару ў дачыненні да тых асоб, якія гвалтавалі дзяцей”.

“На мой погляд, неабходна сёння інтэнсіўнасць працы ў гэтым напрамку, не зніжаць ні ў якім разе. Другое — дабіцца ў бліжэйшы час рэалізацыі тых мер, якія мы з вамі ўжо распрацавалі, укараніць іх у практыку. Пры гэтым вельмі важна праводзіць працу з бацькамі і дзецьмі ў частцы таго, каб прафілактаваць усе гэтыя з’явы”, — сказаў генпракурор.

Адказваючы пасля паседжання на пытанні прэсы, Швед заявіў, што “важна не дапускаць нават абмеркавання адпаведных тэм”.

“Дзейнасць нашых апанентаў, якія спрабуюць разбурыць нашы каштоўнасці, спрабуюць разбурыць нашу дзяржаўнасць, нашу мараль, накіравана ў цэлым на разбурэнне Беларусі як краіны”, — дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка 31 сакавіка мінулага года падчас штогадовага паслання народу і парламенту заявіў, што “заходняя мода на чайлдфры, любая папулярызацыя ідэі бяздзетнай сямейнай пары ў нашай інфармацыйна-культурнай прасторы павінна спыняцца”, “любыя ўкідванні такіх завуаліраваных заклікаў, роўна як і ўсе нетрадыцыйныя павевы — не што іншае, як спроба абязлюдзіць і аслабіць дзяржаву”.

“Ніяк не менш. Такая ідэалогія павінна быць па-за законам”, — сказаў ён.

Палата прадстаўнікоў 22 снежня 2023 года прыняла ў другім чытанні законапраект, які прадугледжвае прымусовае лячэнне педафілаў.

Дакумент абавязвае праводзіць экспертызу, “калі неабходна ўсталяваць псіхічны стан асобы, якая здзейсніла злачынства, для вырашэння пытання аб наяўнасці або адсутнасці ў яго педафіліі”. Суд надзяляецца правам прызначаць асобам, “якія ўчынілі злачынствы і пакутуюць педафіліяй, прымусовыя меры бяспекі і лячэнне нараўне з пакараннем”.

Падзяліцца: