Мінск 13:52

Літва з 1 сакавіка закрывае яшчэ два пераходы на мяжы з Беларуссю (дапоўнена)

Вільнюс
Ілюстратыўнае фота: pixabay.com

21 лютага, Позірк. Урад Літвы прыняў рашэнне аб закрыцці з 1 сакавіка пагранічных пераходаў Лаварышкес (з беларускага боку Катлоўка) і Райгардас (Прывалка), паведамляе LRT.

Такім чынам, на мяжы з Беларуссю прадоўжаць працаваць два пункты пропуску з шасці — Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі). КПП Шумскас (Лоша) і Твярячус (Відзы) былі зачыненыя 18 жніўня 2023 года.

Міністры таксама падтрымалі прапанову абмежаваць пасадку і высадку пасажыраў на чыгуначным памежным пункце Кяна, каб вырашыць праблему пасажыраў транзітных цягнікоў у Калінінград, якія высаджваюцца ў Літве з візамі краін Еўрасаюза.

Акрамя таго, урад прыняў рашэнне прыпыніць рух пешаходаў і веласіпедыстаў праз КПП Мядзінінкай і Шальчынінкай, а таксама паступова скараціць колькасць дазволаў, якія выдаюцца беларускім і літоўскім перавозчыкам, якія ажыццяўляюць рэгулярныя міжнародныя аўтобусныя пасажырскія перавозкі паміж краінамі.

Літоўскія ўлады заяўляюць, што гэта накіравана на вырашэнне праблем нацыянальнай бяспекі, кантрабанды і парушэнні міжнародных санкцый.

У мінулым годзе, паводле даных LRT, праверку прайшлі амаль 3,9 млн чалавек, якія перасякаюць літоўска-беларускую мяжу праз аўтамабільныя пункты пропуску, што на 25,5% больш, чым у 2022 годзе. Дзве трэці з іх склалі грамадзяне Беларусі.

Літоўскія грамадзяне перасеклі мяжу 684 тыс. разоў, што на 13,4% менш, чым у 2022 годзе, а колькасць унікальных падарожнікаў, якія перасеклі мяжу ў мінулым годзе, склала амаль 62 тыс. чалавек, што на 17,5% менш за леташні паказчык, адзначаецца ў матэрыяле. Найбольшая колькасць літоўскіх грамадзян перасякала мяжу праз КПП Шальчынінкай і Лаварышкес.

Згодна з праведзеным “Позіркам” у жніўні мінулага года аналізам даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, пасля закрыцця Вільнюсам пагранпераходаў Лаварышкес і Райгардас агульная сутачная здольнасць беларускіх пунктаў прапускаць аўтамабільны транспарт у бок дзяржаў Еўрасаюза знізіцца на 15,7%, у Літву — на 37,6%.

Міністр унутраных спраў Агне Білатайце паведамляла раней, што кожны год у Кене садзяцца і высаджваюцца з цягнікоў каля 13 тыс. чалавек.

З прапановай да ўрада спыніць рух тавараў, транспарту і людзей праз Лаварышкес і Райгардас, паступова скараціць колькасць дазволаў, якія выдаюцца беларускім і літоўскім перавозчыкам, якія ажыццяўляюць рэгулярныя міжнародныя пасажырскія перавозкі аўтобусамі, а таксама абмежаваць пасадку і высадку пасажыраў на чыгуначным пагранічным пункце пропуску Кяна 6 лютага звярнулася Камісія па нацыянальнай бяспецы Літвы.

Падзяліцца: