Мінск 00:49

Лукашэнка прызначыў намеснікам кіраўніка сваёй адміністрацыі Аляксандра Ягорава, які вучыўся ў ЗША

Аляксандр Ягораў
Фота: ont.by

7 сакавіка, Позірк. Аляксандр Лукашэнка прызначыў новага намесніка кіраўніка сваёй адміністрацыі — Аляксандра Ягорава.

“Вы чалавек зусім малады. Вы бачыце маю палітыку аб тым, што пакаленні мяняюцца, прыходзяць новыя людзі. Так павінна быць. Застылага нічога не павінна быць. Я падумаў аб тым, каб вось гэтую піраміду замкнуць на намесніка кіраўніка адміністрацыі. Але патрэбен малады такі свежы погляд на гэта. Я сур’ёзна вывучаў вашую кандыдатуру і біяграфію”, — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да яго.

Ён папярэдзіў Ягорава, што яму трэба быць гатовым да таго, каб “выказваць і альтэрнатыўны пункт гледжання”.

“Ведаю вашыя адносіны з некаторымі начальнікамі. Некаторых потым вам, калі вы будзеце працаваць, і мы прымем такое рашэнне, давядзецца ўзяць і на кантроль. І недзе выказаць сваё меркаванне, якое не супадае з меркаваннем і ўрада, міністраў ды іншых. І Нацыянальнага банка. Таму трэба быць да гэтага гатовым”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Ягораў — выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ступень магістра атрымаў у Каледжы Уільямса (ЗША). Кваліфікацыя — матэматык-эканаміст.

У 2012–2015 гадах займаў кіруючыя пасады ў Міністэрстве эканомікі, у 2015–2019-м — у ААТ “ААБ Беларусбанк”.

З 2019 года з’яўляўся намеснікам старшыні праўлення ААТ “ААБ Беларусбанк”, з 2021-га — старшынёй праўлення Банка развіцця.

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сяргеенка ў выніку выбараў, што прайшлі ў лютым, стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Яго пераемнік не прызначаны.

Падзяліцца: