Мінск 15:29

У беларускім войску пачалася праверка баявой гатоўнасці

Ілюстратыўнае фота: прэс-служба Міністэрства абароны

11 сакавіка, Позірк. Ва Узброеных сілах Беларусі пачалася “праверка баявой гатоўнасці злучэнняў і вайсковых часцей”, паведаміла 11 сакавіка прэс-служба Міністэрства абароны.

Адзначаецца, што праверка “носіць комплексны характар”. “Асабістаму складу трэба будзе рушыць ў прызначаныя раёны, правесці шэраг вучэнняў і трэніровак, у тым ліку з баявой стральбой”, — гаворыцца ў паведамленні.

Запланавана “перамяшчэнне вайсковай тэхнікі”, магчыма “часовае абмежаванне руху грамадзянскага транспарту па дарогах агульнага карыстання і ўчастках мясцовасці”.

Начальнік Генштаба УС — першы намеснік міністра абароны Віктар Гулевіч заявіў, што “ў існых абвостраных умовах ваенна-палітычнага становішча ва Узброеных сілах надаецца вялікая ўвага падтрыманню высокага ўзроўню баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці”.

“Асабліва гэта адметна для цяперашняга часу, калі паблізу нашых межаў праводзяць буйнамаштабныя вучэнні шматнацыянальных сіл НАТО, як на тэрыторыі ўсёй Еўропы, так і паблізу нашых межаў, — сказаў ён. — Гэта і вучэнне “Драгун” з сіламі спецыяльных аперацый на тэрыторыі Польшчы, вучэнне “Трывалы абаронца”, якое аб’ядноўвае ў сабе цэлы шэраг вучэнняў і па маштабах сіл і сродкаў (да 90 тысяч чалавек) з’яўляецца адным з самых буйнамаштабных”.

“Улічваючы існыя ўмовы, ва Узброеных сілах з сённяшняга дня пачынаецца комплексная праверка баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці. У рамках аддадзеных баявых распараджэнняў акрэсленыя вайсковыя часці і падраздзяленні будуць выведзеныя ў прызначаныя раёны, дзе з імі будзе праводзіцца шэраг вучэнняў, трэніровак і заняткаў”, — дадаў ён.

Паводле слоў Гулевіча, далей “мерапрыемствы комплекснай праверкі будуць нарошчвацца”, “будзе павялічвацца колькасць сіл і сродкаў для правядзення праверкі”.

Мінабароны рэгулярна праводзіць вучэнні і тактычныя заняткі вайсковых падраздзяленняў на фоне вайны, якую Расія вядзе супраць Украіны. Улады ў Мінску адмаўляюць удзел беларускага войска ў баявых дзеяннях на баку РФ, у той жа час тэрыторыя Беларусі ад пачатку ўварвання, а таксама ў асобныя перыяды пазней актыўна выкарыстоўвалася расійскай арміяй для нанясення ўдараў па Украіне.

Падзяліцца: