Мінск 21:38

Прыпыненая праца брэсцкай кавярні, у якой атруцілася 19 наведнікаў

Крыніца: pixabay.com

10 траўня, Позірк. Прычынамі масавага атручвання наведвальнікаў брэсцкай кавярні LE’MAR сталі “невыкананне правілаў тэрмічнай апрацоўкі страў, якія рыхтаваліся з сырых эпідэміялагічна значных прадуктаў”, а таксама парушэнні правілаў асабістай гігіены супрацоўнікамі ўстановы, паведаміла прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

Сцвярджаецца, што сярод работнікаў кафэ “выяўленыя носьбіты інфекцыі”.

У сувязі з выяўленымі парушэннямі праца кавярні прыпыненая, адзначае ведамства.

“Пачатыя адміністрацыйныя працэсы ў дачыненні да службовых асоб, вінаватых у парушэнні патрабаванняў заканадаўства ў галіне забеспячэння санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва. Матэрыялы па выніках праведзенага эпідэміялагічнага расследавання, а таксама мерапрыемстваў тэхнічнага (тэхналагічнага, праверачнага) характару будуць перададзеныя ў органы пракуратуры Брэста”, — гаворыцца ў паведамленні.

6 траўня партал “Віртуальны Брэст” паведаміў пра 19 выпадкаў гастраэнтэрыту, выяўленых у наведвальнікаў згаданай кавярні. Адзначалася, што пацярпелыя заказвалі “сэт з чатырох страў”.

12 чалавек былі шпіталізаваныя ў Брэсцкую абласную клінічную бальніцу, сямёра знаходзіліся на амбулаторным лячэнні.

Падзяліцца: