Мінск 21:32

Ціханоўская заклікала міністраў культуры краін ЕС дапамагчы інтэграваць Беларусь у еўрапейскую культурную прастору

Святлана Ціханоўская і міністр-прэзідэнт Фландрыі Ян Ямбон (злева ад яе)
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

13 траўня, Позірк. Дапамагчы інтэграваць Беларусь у еўрапейскую культурную прастору заклікала Святлана Ціханоўская на сустрэчы міністраў культуры краін ЕС 13 траўня ў Антверпене (Бельгія).

“Вы як міністры культуры можаце падтрымаць нашу барацьбу, падтрымліваючы нашу культуру. Падтрымайце праекты, якія ўмацоўваюць нацыянальную ідэнтычнасць Беларусі. Выдзяляйце стыпендыі беларускім мастакам, якія жывуць у выгнанні. Запрашайце іх на свае фестывалі, канферэнцыі і кніжныя кірмашы”, — прапанавала дэмакратычны лідар, якая, як паведаміў “Позірку” яе галоўны дарадца Франак Вячорка, мела на сустрэчы статус абранага прэзідэнта Беларусі.

Паводле слоў Ціханоўскай, нягледзячы на рэпрэсіі і цэнзуру, беларуская культура працягвае квітнець як у падполлі, так і ў выгнанні. “З’яўляюцца новыя ініцыятывы, людзі вывучаюць беларускую мову і сапраўдную гісторыю праз інтэрнет, беларуская дыяспара адзначае цяпер “незаконныя” традыцыйныя святы і арганізуе выставы рэпрэсаваных мастакоў”, — адзначыла яна.

Але Расія і “яе марыянеткавы рэжым у Мінску”, заявіла Ціханоўская, робяць усё магчымае, каб сцерці беларускую нацыянальную ідэнтычнасць і разбурыць усё, што звязвае беларусаў з Еўропай: “Падручнікі гісторыі перапісваюцца. Нацыянальных герояў называюць здраднікамі. Пісьменнікаў і музыкаў, якія адмаўляюцца прытрымлівацца “новай лініі”, называюць “экстрэмістамі”. Самых таленавітых кінулі ў турмы ці прымусілі бегчы. Нават размаўляць на беларускай мове стала злачынствам”.

“Ва Украіне Расія змагаецца снарадамі і танкамі, у Беларусі — прапагандай і культурай. Расія разглядае нашы краіны як частку “рускага свету”. Яе мэта — каланізаваць і асіміляваць, зрабіць нас такімі ж, як рускія”, — упэўненая Ціханоўская.

Яна нагадала, што ў Беларусі тысячы палітычных зняволеных, сярод іх сотні дзеячаў культуры, некаторыя не перажылі катаванняў і ізаляцыі, у тым ліку “самы вядомы беларускі мастак і перформер” Алесь Пушкін. “Яго гісторыя — гэта гісторыя барацьбы і пакут… Яго жыццё і смерць нагадваюць нам пра сілу культуры, але і пра цану, якую людзі плацяць за свае ідэалы”, — падкрэсліла дэмлідар.

Ціханоўская падарыла міністру-прэзідэнту бельгійскага рэгіёна Фландрыя Яну Ямбону карціну Пушкіна “Беларускае сонца”. Паводле яе слоў, мастак вырабіў рамку са старога дрэва, узятага з яго плота ў вёсцы Бобр.

"Беларускае сонца" Алеся Пушкіна на пасяджэнні міністраў культуры краін ЕС у Антверпене (на верхнім здымку карціна яшчэ за шырмай)
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Карціна будзе захоўвацца ў адным з мясцовых музеяў.

“На штогадовай сустрэчы профильных міністраў абмяркоўваюцца найбольш важныя рэчы, звязаныя з культурай, ідэнтычнасцю. І ўпершыню ў такой сустрэчы ўдзельнічае прадстаўнік не краіны ЕС”, — адзначыў у каментары “Позірку” Франак Вячорка.

Падзяліцца: