Мінск 01:22
DU

Кавалеўскі заклікаў ЕС да “палітычных дзеянняў” для надання беларускім дэмсілам статусу назіральніка ў ААН

Фота: "Позірк"

25 чэрвеня, Позірк. Абарона незалежнасці Беларусі павінна быць прыярытэтам, бо толькі так краіна захоўвае шанец на “дэмакратычную будучыню і еўрапейскі выбару”, заявіў намеснік кіраўніцы, прадстаўнік па замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Валерый Кавалеўскі на трэцім пасяджэнні кансультатыўнай групы ЕС і беларускіх дэмакратычных сіл.

Пасяджэнне праходзіць 25 чэрвеня ў Брусэлі.

Як паведамляе прэс-служба АПК, Кавалеўскі адзначыў важнасць “вызвалення палітвязняў і аднаўленне [ў Беларусі] канстытуцыйнага парадку”, а таксама заклікаў ЕС “падтрымаць палітычнымі дзеяннямі ініцыятыву надання беларускім дэмсілам статусу назіральніка ў ААН”.

Паводле яго слоў, неабходна разгледзець “магчымасць прызначэння спецпасланніка ЕС па Беларусі”, які будзе “каардынаваць намаганні паміж еўрапейскімі інстытутамі, дзяржавамі-членамі ЕС, а таксама знешнімі партнёрамі, такімі як Вялікабрытанія, ЗША і Канада”.

Палітіык падкрэсліў неабходнасць падтрымкі незалежных СМІ, праваабарончых арганізацый, дэмакратычных палітычных сіл і грамадзянскай супольнасці Беларусі.

На яго думку, сітуацыя ў Беларусі патрабуе “нестандартных рашэнняў і смеласці ўсіх, у тым ліку і беларускага дэмакратычнага руху”. “Неабходна быць рашучымі ў адказ на дзеянні [Аляксандра] Лукашэнкі, які імкнецца пабудаваць таталітарную сістэму”, — дадаў Кавалеўскі.

“Расія выкарыстоўвае Беларусь у сваіх інтарэсах як інструмент супраць Захаду, узмацняючы свой уплыў у рэгіёне. Пры гэтым беспакараныя дзеянні Расіі і падтрымка Лукашэнкі падахвочваюць Пуціна да далейшых агрэсіўных крокаў”, — сказаў намеснік кіраўніцы АПК.

Таксама ён звярнуў увагу на неабходнасць далейшага увядзення санкцый супраць Расіі “за яе дзеянні ў Беларусі”.

Кажучы пра неабходнасць “уключэння Беларусі і яе дэмакратычных сіл у мірны працэс вакол Украіны”, палітык заклікаў міжнародных партнёраў “абмеркаваць стратэгію вываду Беларусі з вайны”.

Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на пасяджэнні кансультатыўнай групы заявіла пра неабходнасць “падтрымаць усіх беларусаў, якія працягваюць змагацца як унутры краіны, так і ў выгнанні”.

“Рэжым у Мінску больш крохкі, чым здаецца, — сказала яна. — Лукашэнка адчувае, што страціў падтрымку насельніцтва. Вайну [Расіі ва Украіне] таксама ніхто не падтрымлівае. Мы бачым, як балюча рэжым рэагуе на парадак дня дэмакратычных сіл, уключаючы выбары ў Каардынацыйную раду”.

Паводле яе слоў, нельга дапусціць з’яўлення новай жалезнай заслоны паміж Беларуссю і Еўропай, паколькі гэта “толькі на руку дыктатарам”.

На пасяджэнні кансультатыўнай групы абмяркоўваюцца палітычная сітуацыя ў Беларусі, правы чалавека і прыцягненне рэжыму Лукашэнкі да адказнасці, падтрымка афіцыйным Мінскам расійскай агрэсіі супраць Украіны, праблема палітвязняў, пытанні легалізацыі і мабільнасці беларусаў ды інш.

Акрамя Кавалеўскага і Ціханоўскай, у сустрэчы бяруць удзел намеснік кіраўніка АПК па транзіце ўлады Павел Латушка, прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык, кіраўнік апарата кабінета Валерый Мацкевіч.

З боку ЕС — прадстаўнікі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, камісарыятаў — па ўнутраных справах, добрасуседстве і пашырэнні, а таксама іншых структур.

Падзяліцца: