Мінск 22:20

Сумесная трэніроўка вайскоўцаў Беларусі і Кітая пройдзе каля мяжы з Польшчай

Фота: Павел Сурынаў / ІА "Ваяр"

7 ліпеня, Позірк. Сумесная трэніроўка падраздзяленняў Узброеных сіл Беларусі і Кітая пройдзе “паблізу горада Брэст”, паведамляе інфармацыйнае агенцтва “Сіньхуа” са спасылкай на Мінабароны КНР.

Адзначаецца, што “сумесныя манёўры” пройдуць у рамках “гадавога плана і кітайска-беларускіх дамоўленасцяў”.

Заняткі “будуць сканцэнтраваныя на антытэрарыстычнай трэніроўцы, падчас якой вайскоўцы з дзвюх краін будуць сумесна выконваць аперацыі па вызваленні закладнікаў і антытэрарыстычныя аперацыі”, гаворыцца ў паведамленні.

“Сумесная трэніроўка закліканая павысіць узровень падрыхтоўкі і каардынацыйных магчымасцяў падраздзяленняў, якія ўдзельнічаюць, паглыбіць практычнае супрацоўніцтва паміж узброенымі сіламі дзвюх краін”, — падкрэсліваецца ў публікацыі.

Брэст знаходзіцца побач з беларуска-польскай мяжой і недалёка ад мяжы з Украінай. Хто вызначаў месца сумеснай трэніроўкі, не паведамляецца.

Аб прыбыцці ў Беларусь кітайскіх вайскоўцаў для ўдзелу ў сумеснай трэніроўцы паведамлялася 6 ліпеня.

Манёўры пройдуць 8–19 ліпеня.

Мінабароны Беларусі сцвярджае, што трэніроўка дазволіць бакам “абмяняцца вопытам, правесці зладжванне беларускіх і кітайскіх падраздзяленняў, стварыць падмурак для далейшага развіцця беларуска-кітайскіх адносін у сферы сумеснай падрыхтоўкі войскаў”.

Начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Павел Муравейка і аташэ па пытаннях абароны пры амбасадзе КНР Лю Чжэ 1 ліпеня ў Мінску “абмеркавалі бягучы стан двухбаковага супрацоўніцтва ў ваеннай сферы, намецілі шляхі далейшага ўзаемадзеяння ў галінах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць”.

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрам абароны КНР Лі Шанфу 17 жніўня 2023 года заявіў, што ваеннае супрацоўніцтва дзвюх краін “ні ў якім разе не будзе накіраванае супраць трэціх краін”. “Нам гэта не трэба, нам трэба засцерагчы свае дзяржавы і свае народы”, — сказаў ён.

Адметна, што неўзабаве пасля вяртання з Беларусі Лі Шанфу перастаў з’яўляцца ў публічнай прасторы. У кастрычніку стала вядома, што ён адхілены ад пасады. У чэрвені 2024 года Камуністычная партыя Кітая абвясціла аб выключэнні былога военачальніка са сваіх шэрагаў за “дысцыплінарныя і прававыя парушэнні” — Лі Шанфу абвінавачаны ў атрыманні хабараў і подкупе іншых асоб.

Падзяліцца: