Мінск 22:52

Улады прызналі, што сістэма папярэджання і рэагавання на НС патрабуе ўдасканалення

Фота: sb.by

1 жніўня, Позірк. Праца дзяржаўнай сістэмы папярэджання і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі (НС) патрабуе ўдасканалення, заявіў намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Сівак 1 жніўня перад паседжаннем Камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Савеце міністраў, паведамляюць дзяржСМІ.

Сівак заявіў аб неабходнасці ацэнкі не толькі вынікаў работы службаў, але і таго, наколькі сістэма забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва “ў звычайным жыцці гатова прыняць удар стыхій”.

Чыноўнік нагадаў аб сітуацыі, якая склалася ў мазырскай энергетычнай сістэме пасля нядаўняга ўрагану, дзе “ўсе нарматывы аднаўлення былі перавышаны” і насельніцтва “гэты негатыў адчула”.

Камісія па надзвычайных сітуацыях пры Саўміне — каардынуючы орган сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, якая аб’ядноўвае МНС і іншыя органы дзяржкіравання і арганізацыі.

Непагадзь 13 і 14 ліпеня ў Беларусі прывяла да маштабных пашкоджанняў у сістэме электраперадачы, парушэнняў водазабеспячэння, разбурэнняў. Найбольш ад ураганнага ветру пацярпела Гомельская вобласць, дзе ўводзілі рэжым надзвычайнай сітуацыі.

У тыя дні з-за непагадзі загінула сем чалавек.

Пасля стыхіі, якая бушавала на поўдні Беларусі, Міністэрства энергетыкі падрыхтавала галіновы план мерапрыемстваў па павышэнні надзейнасці работы электрасеткавага комплексу, паведаміў 24 ліпеня кіраўнік ведамства Віктар Каранкевіч.

Аляксандр Лукашэнка тройчы ўстанаўліваў чыноўнікам тэрміны ліквідацыі наступстваў урагану. Сіваку трэба было да раніцы 16 ліпеня аднавіць працу ўсёй інфраструктуры. Кіраўніку МНС Вадзіму Сіняўскаму і дзяржаўнаму сакратару Савета бяспекі Аляксандру Вальфовічу 16 ліпеня быў дадзены “адзін дзень” на нармалізацыю сітуацыі пасля непагадзі. Кіраўніку Гомельскага аблвыканкама Івану Крупко ён даручыў да раніцы 19 ліпеня завяршыць “усе работы па падключэнні насельніцтва да электрасілкавання, у тым ліку ў самых аддаленых населеных пунктах”.

На нарадзе 23 ліпеня Лукашэнка даручыў прыцягнуць да ўстаранення наступстваў непагадзі грамадзян, у тым ліку палітвязняў.

“Я ўжо казаў міністру ўнутраных справаў (ён падключыцца, ён ведае), у нас больш за 20 тысяч сядзельцаў і так званыя палітвязні. Туды — на прасеку. Дапамажыце краіне. <…> І гараджан, і асабліва гэтых дармаедаў”, — сказаў ён.

Лукашэнка загадаў адправіць на адпаведныя працы жыхароў Беларусі ў цэлым, адзначыўшы, што “адгаворкі кшталту таго, што я не пайду, не хачу, не буду, не прымаюцца”.

Ён абвінаваціў пацярпелых ад непагадзі грамадзян у “няправільным разуменні” НС.

23 ліпеня Лукашэнка падпісаў распараджэнне, якое дазваляе прыцягваць грамадзянаў да ліквідацыі наступстваў урагану. Тэрміны ліквідацыі наступстваў непагадзі ў дакуменце зноў былі перанесены.

На 28 ліпеня каля 500 аб’ектаў або 1.533 будынкі аграпрамысловага комплексу не былі адноўлены ў Гомельскай вобласці пасля ўрагану.

Падзяліцца: